Павел Латушка: Мы маем права звяртацца да еўрапейскіх палітыкаў, адстойваючы беларускія нацыянальныя інтарэсы
2025-06-07
«Беларусы – гэта еўрапейцы. Нас ужо сотні тысяч на тэрыторыі Еўрапейскага саюза. Мы тут працуем, плацім падаткі і маем права звяртацца да еўрапейскіх палітыкаў, адстойваючы беларускія нацыянальныя інтарэсы», – адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы з членамі Еўраатлантычнай асацыяцыі ў Варшаве.
Еўраатлантычная асацыяцыя была створана ў 1994 годзе. Яе заснавальнікі актыўна лабіравалі далучэнне Польшчы да НАТА і адыгралі важную ролю ў палітычным жыцці краіны пасля ўступлення ў Паўночнаатлантычны альянс. Асацыяцыя спецыялізуецца на развіцці экспертных ведаў у сферы міжнародных адносін.
Выступленне Паўла Латушкі мадэраваў Януш Анышкевіч – старшыня Выканаўчага савета асацыяцыі, які двойчы займаў пасаду міністра абароны Польшчы.
Характарызуючы асобу Лукашэнкі Павел Латушка адзначыў: «Лукашэнка – гэта глыбока савецкі чалавек з абсалютна прарасійскім мысленнем, які ўспрымае Беларусь як свой калгас, як сваю ўласнасць. Яго цікавіць толькі адно – утрыманне ўлады».
Нельга спыняць барацьбу – неабходна працягваць дзейнасць, падтрымліваць незалежныя СМІ і блогераў, а таксама ўмацоўваць створаныя інстытуты дэмакратычных сіл, якія з’яўляюцца рэальнай альтэрнатывай рэжыму. У гэтым кантэксце Павел Латушка згадаў размову з еўрапейскім палітыкам: «Адзін амбасадар і былы генерал еўрапейскай краіны распавёў мне гісторыю пра тое, як адбыліся перамены ў яго краіне: у самы апошні момант, калі, як ён сказаў, яны страцілі веру, думалі, што нічога ўжо не зменіцца, – але яны працягвалі барацьбу, і змены надышлі. І ён сказаў: “Вы таксама павінны працягваць”».
Павел Латушка падкрэсліў, што вельмі важна даносіць праўду да беларусаў унутры краіны і тлумачыць, што НАТА, напрыклад, — гэта не вораг, а абарончы саюз. Для дыктатараў заўсёды патрэбныя ворагі, каб кантраляваць людзей: для Лукашэнкі вораг — гэта ўнутранае грамадства і суседзі звонку. Паводле яго нядаўніх заяў, Еўрасаюз – гэта нібыта «таталітарны ваенна-палітычны блок», які хоча напасці на Беларусь: «Ён увесь час стварае вобраз ворага – што Польшча, Літва, Еўрасаюз – гэта ворагі. Мы павінны разам з еўрапейскімі краінамі супрацьстаяць гэтаму, каб беларусы не верылі ў фальшывыя наратывы рэжыму».
Павел Латушка таксама заявіў пра важнасць захавання моцнай пазіцыі дэмакратычных сіл, каб у вырашальны момант адыграць ключавую ролю ў дэмакратычных зменах унутры краіны: «Ацэньваючы эліты вакол Лукашэнкі – у большасці сваёй яны прадзяржаўныя, але не прадэмакратычныя. Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, ніхто з іх не адважыцца дзейнічаць без яго дазволу. Але як толькі ён страціць кантроль – з’явіцца магчымасць. Таму мы павінны быць моцнымі. Нам трэба захоўваць альтэрнатыву. Рэжым так жорстка нас атакуе, бо ён хоча знішчыць альтэрнатыву, якая стане вызначальнай у вырашальны момант».
@CabinetBelarus
