Павел Латушка: першая лінія абароны Еўрасаюза праходзіць менавіта па тэрыторыі Беларусі, гэта – беларускае грамадства
2025-06-05
Намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка выступіў ў Гданьску падчас XI Міжнароднага форуму «Еўропа з позіркам у будучыню», прысвечанага першым дэмакратычным выбарам у Польшчы ў 1989 годзе:«У мяне ёсць добрыя і дрэнныя навіны. Першая добрая навіна – Беларусь існуе. Добрая навіна, што беларускі дэмакратычны рух працягвае існаваць, у тым ліку праз інстытуты, створаныя дэмакратычнымі сіламі за яе межамі.
Дрэнная навіна ў тым, што Беларусь і драматычная сітуацыя ў краіне знікаюць з парадку дня. Дрэнная навіна, што рэпрэсіі працягваюцца. Няма ніводнай апазіцыйнай партыі ў Беларусі, усе ліквідаваныя. Ліквідаваныя ўсе незалежныя медыя. Ліквідавана больш за 50% НДА. Тысячы палітвязняў. Гэта таталітарны рэжым.
Лукашэнка здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Ён здзейсніў акт агрэсіі супраць Украіны. Вядзе гібрыдную вайну супраць Еўрасаюза – і я магу працягнуць гэты спіс. Сёння Лукашэнка здзяйсняе экстратэрытарыяльныя злачынствы ў ЕС супраць беларусаў, якія вымушана апынуліся ў эміграцыі».
Намеснік кіраўніцы Кабанета, прыводзячы канкрэтныя прыклады, падкрэсліў, што ў апошнія тыдні ўзмацніліся пагрозы актывістам дэмакратычнага руху.«Пытанне не ў тым, што ў нас завышаныя чаканні ад партнёраў, а ў тым, што часам самім партнёрам не хапае волі і жадання выкарыстоўваць усе інструменты, якія ёсць у іх руках, каб супрацьстаяць гэтым злачынствам. Бо калі права не будзе дзейнічаць – як беларусам тады верыць у дэмакратыю»?
Падчас дыскусіі Павел Латушка нагадаў:«Калі мы гаворым пра абарону Еўрасаюза, калі будуецца “усходні шчыт” – і я не адмаўляю сённяшняй патрэбы краін гэта рабіць; на месцы прэм'ера Польшчы я б таксама так рабіў, – адначасова трэба разумець, што першая лінія абароны праходзіць менавіта па тэрыторыі Беларусі. Гэта – беларускае грамадства, якое важна падтрымліваць».
Палітык выказаў падзяку за бела-чырвона-белы сцяг, змешчаны сярод сцягоў 16 краін-удзельніц форуму.
⏺ На палях форуму Павел Латушка правёў кароткую сустрэчу з міністаркай культуры Польшчы Ганнай Урублеўскай. Ён падзякаваў за падтрымку беларускіх культурных ініцыятыў і звярнуўся з просьбай узмацніць дапамогу беларускай нацыянальнай культуры з улікам маштабных рэпрэсій, што ажыццяўляе рэжым супраць прадстаўнікоў беларускай культурнай інтэлігенцыі.
⏺ У гэты ж дзень у Паўла Латушкі адбылася сустрэча з ваяводай Паморскага ваяводства Беатай Руткевіч. Павел Латушка ад імя беларускай дыяспары звярнуўся з просьбай разгледзець магчымасць паскарэння працэдуры легалізацыі для грамадзян Беларусі ў Паморскім ваяводстве. Ваявода выказала гатоўнасць даць даручэнне Аддзелу па справах замежнікаў арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары для абмеркавання гэтых праблем і адзначыла, што ў найбліжэйшы час разглядаецца магчымасць увядзення электроннай сістэмы падачы заяў на легалізацыю, што павінна скараціць тэрміны разгляду працэдур ва ўсёй Польшчы. Бакі дамовіліся працягнуць кантакты і абмеркаванні гэтага пытання ў Варшаве.
@CabinetBelarus


