Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Страх не павінен вызначаць адукацыйны маршрут»

2025-06-04

Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета, звяртаецца да выпускнікоў, якія сутыкаюцца з перашкодамі пры паступленні за мяжу:

«У Беларусі ты раптам можаш даведацца, што табе не выдадуць атэстат пасля заканчэння школы. Альбо што ў тваім атэстаце размытая пячатка – і гэта зроблена наўмысна, бо адміністрацыя школы ведае: так яго не прыме замежны ўніверсітэт. У выніку перарабляеш дакумент у тэрміны, калі прыёмная кампанія вось-вось завершыцца – і рызыкуеш не паступіць у гэтым годзе.

Яшчэ ты не ведаеш, ці паспееш праставіць апастылі – з-за чэргаў і бюракратыі. Не ведаеш, ці не звольняць дырэктара школы за тое, што ты вырашыў ехаць вучыцца ў Польшчу.

Калі правілы пастаянна мяняюцца і нават адукацыя ператвараецца ў пастку – гэта не “чалавечы фактар”, не выпадковасць і не “арганізацыйны хаос”. Гэта метад.

З гэтага года Міністэрства адукацыі ўжо забараніла выпускнікам здаваць некалькі ЦТ па розных прадметах; абмяжоўвае профілі паступлення; перашкаджае атрымаць дакументы для навучання за мяжой; працягвае ціск на настаўнікаў, калі іх вучні выбіраюць навучанне ў іншых краінах.

Гэта і ёсць аўтарытарызм – не толькі пагрозы і дубінкі, але і спалучэнне нявызначанасці, непразрыстасці, маўчання з ідэалагічным кантролем. Страх нарастае па ланцужку – ад настаўніка да бацькоў. І мэта тут адна. Каб вы не спрабавалі. Каб баяліся. Каб адзінай вашай будучыняй была праца на рэжым.

Менавіта таму мы тут, побач. Калі вы не ведаеце, як падаць дакументы ў еўрапейскі ўніверсітэт – мы дапаможам. Адказы на самыя распаўсюджаныя пытанні ўжо сабраныя на нашай платформе. Калі вам адмаўляюць без тлумачэнняў – мы падкажам, што рабіць і як сябе паводзіць. Звяртайцеся па кансультацыю. Бо страх не павінен вызначаць адукацыйны маршрут.

Калі ласка, дбайце пра лічбавую бяспеку. Нашая платформа прызнаная рэжымам “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, а Аб’яднаны Пераходны Кабінет – “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Са свайго боку мы гарантуем вашую ананімнасць, а таксама адсутнасць збору і захавання персанальных даных»

@CabinetBelarus

Main carousel image