Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Удвая менш дзяцей нарадзілася ў Беларусі за 10 гадоў: пагроза існаванню нацыі

2025-06-01

«Нам трэба вярнуць Беларусь для беларусаў, для сябе, для нашых дзяцей. Нам патрэбен званок абуджэння», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падчас акцыі ў Варшаве, прысвечанай Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

«Жудасныя лічбы, і мы будзем іх паўтараць: у 2024 нарадзілася 58 900 дзетак у Беларусі, а 10 гадоў таму, у 2014 — 120700. У 2 разы паменшылася лічба нараджэнняў дзяцей у Беларусі. І гэта жах. Калі так захаваецца гэта тэндэнцыя, праз 10–15 гадоў мы будзем моцна залежныя эканамічна, палітычна ад іншых дзяржаваў. У нас будуць знікаць школы, дзіцячыя садочкі, бальніцы, у нас будуць знікаць гарады, калі так захаваецца, калі гэты жудасны рэжым будзе на нашай зямлі. Гэта зараз выклік існаванню нашай нацыі, нашаму народу, нашай дзяржаве.

У сённяшнія часы, як ніколі раней, вельмі важна нам, дарослым, займацца выхаваннем нашых дзяцей. Калі дзяржава ў асобе рэжыму Лукашэнкі праводзіць антыдзяржаўную палітыку, ад нас — мам і тат, бабуль і дзядуль — залежыць вельмі шмат.

Сёння асабліва важна абняць нашых дзяцей, падараваць ім цяпло, падтрымку і ўпэўненасць. А тым дзеткам, чые бацькі, на жаль, з’яўляюцца палітзняволенымі, мы павінны аказаць нашу шчырую і максімальна магчымую дапамогу», — падкрэсліў Павел Латушка.

Арганізатарамі святочнай акцыі выступілі: Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да Волі», Акцыі Беларусаў Варшавы, Варшаўскі Шэлтар пад кіраўніцтвам Ганны Федаронак, у тым ліку пры частковай падтрымцы ствараемага фонду Паўла Латушкі.

Падрабязней у відэа.

@CabinetBelarus

Main carousel image