Лукашэнка працягвае рыхтаваць Беларусь да вайны? Аналітычны даклад
2025-05-30
Ніколі рэжым Лукашэнкі не быў так блізка да ўступлення ў вайну, як сёння. Ён ажыццявіў сістэмныя дзеянні па падрыхтоўцы да магчымага ўдзелу ў «гарачай» вайне на баку Расіі. Такія высновы даклада, падрыхтаванага Народным антыкрызісным упраўленнем і Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнарыя».
У дакладзе разглядаюцца дзеянні рэжыму ў 6 сферах:
- трансфармацыя палітыка-прававой сістэмы;
- мадэрнізацыя ўзброеных сіл;
- эканоміка вайны: мабілізацыйная трансфармацыя;
- ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй;
- інфраструктура і тэрытарыяльная абарона;
- ідэалагічная мабілізацыя і кантроль над унутранай «стабільнасцю».
Даклад прадстаўляе комплексны аналіз мер, зробленых рэжымам з 2022 па 2025 гады, і ацэнку ступені яго гатоўнасці да ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Каманда НАУ таксама дае рэкамендацыі, як супрацьдзейнічаць негатыўным сцэнарыям (закрытая частка даклада).
Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ:«Не варта цешыць сябе, здавалася б прымірэнчай рыторыкай міністра Хрэніна, які вядомы сваімі ілжывымі заявамі перад пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Рэжым Лукашэнкі з пачатку 2022 года сістэмна і паслядоўна стварае заканадаўчую, прававую, арганізацыйную, фінансавую, ваенную, ваенна-прамысловую, мабілізацыйную, ідэалагічную базу, падрыхтоўваючы Беларусь да магчымай вайны.
Рэжым Лукашэнкі імкнецца будаваць Беларусь як вайсковы лагер. Сёння неабходны комплекс мер, каб пазбавіць Лукашэнку магчымасцей і рэсурсаў для ажыццяўлення гэтай мэты.
Асаблівую пагрозу як для Украіны, так і Латвіі, Літвы і Польшчы ўяўляюць любыя магчымыя маштабныя ваенныя вучэнні на тэрыторыі Беларусі. Адначасова мы павінны адзначыць, што любыя такія вучэнні Узброеных сіл Расіі ствараюць і павялічваюць пагрозу суверэнітэту і незалежнасці Беларусі».
Даклад быў накіраваны Кабінетам і НАУ на адрас партнёраў ва Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Чэхіі, а таксама ў Еўрапейскую камісію.
📌 З тэкстам даклада можна азнаёміцца па спасылцы.
@CabinetBelarus
