Ствараецца выстава, прысвечаная Алесю Пушкіну. Яе можна падтрымаць праз платформу Gronka
2025-05-29
Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета, распавядае пра выставу, якая адкрыецца 6 жніўня ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве:
«Алесь Пушкін быў мастаком, якому ўдавалася пераўтвараць мастацкі перформанс у палітычны жэст. Яго творчасць – прыклад таго, як мастацтва становіцца сродкам супраціву і формай свабоды.
Выстава “Застацца / Zostać” працягне практыкі Алеся Пушкіна – аднаго з найбольш заўважных беларускіх мастакоў апошніх дзесяцігоддзяў, які ў 2023 годзе памёр у зняволенні.
Тут будуць прадстаўлены жывапіс, фатаграфія, інсталяцыі і перфарматыўныя работы, якія даследуюць тэмы страты, ідэнтычнасці, штодзённасці і досведу «паміж» – жыцця на мяжы краін, моў і культур. У цэнтры экспазіцыі не постаць Пушкіна, а яго ідэі, вобразы і метады.
Экспазіцыя – частка шырэйшага праекта па захаванні памяці Пушкіна, які ўключае візуальны архіў яго твораў, старонку памяці і падрыхтоўку альбома.
Арганізатары збіраюць на выставу сродкі праз краўдфандынгавую платформу Gronka. Грошы пойдуць на лагістыку, мантаж, святло, аплату працы каманды, друк матэрыялаў і прасоўванне. За данат можна атрымаць паштоўку-падзяку і нават паўдзельнічаць у выбары адной з работ для выставы.
Ушанануйма памяць выбітнага чалавека – і падтрымайма яго паслядоўнікаў, якія захоўваюць і пераасэнсоўваюць нашую культурную спадчыну»
@CabinetBelarus
