Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Апытанне: сотні беларусаў у ЕС гатовыя далучыцца да нацыянальных вайсковых падраздзяленняў у складзе сіл НАТА

2025-05-28

Апытанне, ініцыяванае шэрагам парамілітарных структур і Прадстаўніцтвам па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, выявіла высокі патэнцыял беларусаў замежжа для стварэння нацыянальных вайсковых падраздзяленняў у краінах Еўрасаюза.

Мэта апытання – ацаніць гатоўнасць беларусаў да кантрактнай службы ў краінах НАТА ў складзе беларускіх фарміраванняў. Праз платформу «Свае» інфармацыя пра апытанне дасягнула каля 30 тысяч чалавек, пераважна беларусаў у ЕС. Удзел у ім узялі 590 чалавек, з якіх больш за 500 выказалі зацікаўленасць, а палова – адназначную гатоўнасць да службы.

Нягледзячы на рызыкі і недавер з боку ўдзельнікаў, а таксама інфармацыйныя атакі з боку рэжыму, арганізатары адзначаюць: вынікі значна пераўзышлі чаканні і сведчаць пра рэальны патэнцыял стварэння беларускіх вайсковых падраздзяленняў па стандартах НАТА.

Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета:

«Па выніках мы ўбачылі аптымістычную карціну: больш за паўтысячы нашых суайчыннікаў выказалі гатоўнасць далучыцца да такіх фарміраванняў – ад сіл тэрытарыяльнай абароны да міратворчых місій і іншых падраздзяленняў.

Апытанне праводзілася ва ўмовах актыўнага супрацьдзеяння з боку рэжыму і правакацый, у тым ліку накіраваных супраць кіраўніка платформы “Свае” Паўла Лібера. Але, нягледзячы на гэта, мы маем дакладную карціну і надзейную базу для наступных крокаў. Гэта яшчэ адзін крок да стварэння новай беларускай нацыянальнай арміі».


@CabinetBelarus

Main carousel image