Пасяджэнне Кабінета прайшло падчас Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету ў Варшаве
2025-05-24
Галоўнай тэмай стала выпрацоўка агульнай пазіцыі да ўдзелу ў Кансультатыўнай групе «Беларусь – ЕС», якая адбудзецца 11 чэрвеня ў Бруселі.
Абмеркавалі, якія пасылы і прапановы Кабінет прадставіць еўрапейскаму боку, і як узаемадзеянне з ЕС можа стаць больш эфектыўным для падтрымкі беларусаў.
Асноўны акцэнт – на тым, што сітуацыя ў Беларусі застаецца крытычнай: рэпрэсіі працягваюцца, больш за 1200 чалавек за кратамі, сотні тысяч вымушаны жыць у выгнанні, а за грамадскую і палітычную актыўнасць па-ранейшаму пераследуюць.
Падтрымка незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, як і дэмакратычнага выбару беларускага народу, застаецца ключавой задачай у адносінах з ЕС.
Сярод тэм, якія будуць узняты падчас Кансультатыўнай групы:
⏺ падтрымка палітвязняў, рэпрэсаваных беларусаў, добраахвотнікаў і іх сем’яў,
⏺ мабільнасць і візавыя магчымасці для беларусаў,
⏺ падтрымка незалежных СМІ,
⏺ бяспека ў рэгіёне ва ўмовах вайны ва Украіне.
Падкрэслена, што палітыка ў дачыненні да Беларусі павінна будавацца з абавязковым удзелам дэмакратычных інстытутаў Беларусі, грамадзянскай супольнасці, у тым ліку дыяспары.
Па выніках сустрэчы вырашана дапрацаваць пазіцыю і прапановы, каб прадставіць узгодненыя і дакладныя мэсэджы падчас пасяджэння ў Бруселі.
@CabinetBelarus




