Пенсіі для беларусаў у Польшчы
2025-05-24
Прадстаўнікі Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы паведамілі, што вывучаецца магчымасць сацыяльнай падтрымкі для беларусаў – уладальнікаў статусу ўцекача і дадатковай абароны, якія знаходзяцца ва ўразлівым сацыяльным становішчы і пражываюць на тэрыторыі Польшчы, у рамках абавязкаў, прадугледжаных Жэнеўскай канвенцыяй.
23 мая намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы і Службы сацыяльнага страхавання (Zakład Ubezpieczeń Społecznych – ZUS) па пытаннях выплаты пенсій грамадзянам Беларусі, якія пражываюць у Польшчы. На сустрэчы таксама прысутнічала кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская.
Польскім бокам быў прадстаўлены падрабязны аналіз дзейнага пенсійнага заканадаўства, яго прымянення і трактавання ў справах беларусаў, якія звяртаюцца за атрыманнем пенсій у Польшчы.
Па выніках сустрэчы, у адказ на звароты Паўла Латушкі, былі дасягнуты дамоўленасці:
– аб падрыхтоўцы Службай сацыяльнага страхавання Польшчы (ZUS) памяткі/брашуры на беларускай мове з падрабязнымі тлумачэннямі парадку звароту за прызначэннем пенсіі грамадзянам Беларусі, што пражываюць у Польшчы;
– аб арганізацыі ў Варшаве з удзелам Кабінета сустрэчы грамадзян Беларусі з прадстаўнікамі Службы сацыяльнага страхавання Польшчы (ZUS), дзе беларусы змогуць задаць свае пытанні. Для тых, хто пражывае ў іншых гарадах Польшчы, плануецца арганізацыя анлайн-трансляцыі гэтай сустрэчы ў сацсетках з папярэднім зборам запытаў і адказамі ў ходзе і па выніках сустрэчы.
Нагадаем, што заяву на прызначэнне пенсіі можна падаць у аддзяленні ZUS па месцы пражывання альбо непасрэдна ў 1-м аддзеле ZUS у Лодзі, які непасрэдна займаецца разглядам заявак ад грамадзян Беларусі ў рамках рэалізацыі міжурадавага беларуска-польскага пагаднення ў пенсійных справах.
@CabinetBelarus
