Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская дала прэс-канферэнцыю польскім медыя
2025-05-23
Мерапрыемства «Бяспека дэмакратыі» ладзіла Польскае агенцтва друку (PAP)
Беларуская лідарка падкрэсліла, што Польшча, якая мае ўласны досвед змагання за свабоду, добра разумее беларусаў. Яна адзначыла, што перамены ў Беларусі непазбежныя і могуць адбыцца хутчэй, чым многія чакаюць:
«Беларусь можа – і павінна – стаць тым, хто зменіць сітуацыю. Дэмакратычная Беларусь была б наймацнейшымі санкцыямі супраць Крамля, наймацнейшай абаронай для Украіны і найлепшай гарантыяй бяспекі для Польшчы, Літвы і ўсёй Еўропы».
Ціханоўская звярнула ўвагу, што без Беларусі Пуцін ніколі б не паспрабаваў захапіць Кіеў.
Асобна быў згаданы даклад прадстаўнікоў BELPOL, у якім утрымліваюцца доказы, што рэжым Лукашэнкі загадзя ведаў пра ўварванне ва Украіну і ўдзельнічаў у яго падрыхтоўцы. Больш за 280 дзяржаўных прадпрыемстваў пастаўляюць прадукцыю для расійскай арміі. Акрамя таго, рэжым удзельнічае ў незаконным вывазе і ідэалагічнай апрацоўцы ўкраінскіх дзяцей.
Кіраўніца Кабінета заклікала міжнародную супольнасць:
⏺ прыцягнуць рэжым да адказнасці не толькі за ўдзел у агрэсіі, але і захоп самалёта Ryanair, міграцыйны шантаж і масавыя дэпартацыі;
⏺ далучыцца да зваротаў у міжнародныя суды.
Ціханоўская падкрэсліла важнасць падрыхтоўкі да перамен – уключна з рэформамі, новай Канстытуцыяй і падтрымкай будучых выбараў. Яна таксама згадала канцэпцыю люстрацыі, заявіўшы, што для тых, хто не ўдзельнічаў у злачынствах, магчымы дыялог.
@CabinetBelarus

