Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская далучылася да акцыі «Варта Святла» ў Вільні
2025-05-21
21 траўня а 19:00 каля пасольства рэжыму ў Вільні (Mindaugo g. 13) адбудзецца «Варта Святла» – ціхая акцыя памяці з нагоды Дня салідарнасці з палітычнымі зняволенымі.
Святлана Ціханоўская ўжо раніцай наведала мемарыял каля пасольства рэжыму і пакінула лампадку ў памяць пра загінулых за кратамі, падкрэсліўшы: ахвяры рэжыму не забытыя, і змаганне за вызваленне палітвязняў працягваецца штодня. Да акцыі таксама далучылася Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета.
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета, заклікала беларусаў да салідарнасці: «Пакуль людзі сядзяць у турмах за сумленне, волі няма ні ў кога з нас. Ёсць толькі яе імітацыя. І пакуль мы можам гаварыць – наш абавязак не маўчаць. Сёння мы не толькі ўспамінаем тых, хто за кратамі. Сёння мы ясна і дакладна кажам: мы ведаем, хто загадаў; мы памятаем, хто судзіў; мы не забудзем тых, хто здзекаваўся і апраўдваў гэта. І няхай у гэты дзень галоўнае пытанне будзе не “што я адчуваю”, а “што я раблю і яшчэ магу зрабіць, каб на волю выйшлі ўсе”».
@CabinetBelarus

