Падача Літвой заявы ў Міжнародны суд ААН, акцыі салідарнасці з палітзняволенымі, падрыхтоўка да IV Канферэнцыі беларусаў свету і сесіі Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС»
2025-05-21
– Тэмы пасяджэння Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, якое прайшло 20 мая. Падрабязней:
⏺ Па прапанове намесніка кіраўніцы, прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета Паўла Латушкі на пасяджэнні Кабінета была абмеркавана падача Літвой у Міжнародны суд ААН заявы супраць Беларусі ў сувязі з парушэннем абавязацельстваў у рамках шматбаковай міжнароднай дамовы. З 2021 года Літва сутыкнулася з беспрэцэдэнтным ростам колькасці нелегальных мігрантаў, якія перасякаюць яе мяжу з Беларусі на фоне мноства фактаў аб садзейнічанні такой незаконнай дзейнасці з боку рэжыму ў Мінску. Спробы праз двухбаковыя міжурадавыя перамовы спыніць парушэнне міжнароднага права завяршыліся правалам з-за неканструктыўнай пазіцыі рэжыму. Па выніках абмеркавання Кабінет пацвярджае ўсебаковую падтрымку захадаў літоўскага боку па прымушэнні рэжыму ў Беларусі да выканання міжнародных абавязацельстваў.
⏺ Удзельнікі пасяджэння таксама заклікалі беларусаў замежжа і міжнародных партнёраў далучыцца да акцый салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, якія адбываюцца ва ўсім свеце ў гэтыя дні, і выказаць ім падтрымку 21 мая – у дзень памяці Вітольда Ашурка, які загінуў у турэмных засценках лукашэнкаўскага рэжыму.
⏺ Падчас абмеркавання магчымасцей увядзення дадатковых санкцыйных абмежаванняў у адносінах да рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі і далейшай падтрымкай агрэсіі Расіі супраць Украіны Павел Латушка праінфармаваў аб праведзенай працы і накіраванні ў адрас еўрапейскіх партнёраў прапановы аб увядзенні персанальных санкцый у адносінах да больш 40 суддзяў, прапагандыстаў, кіраўнікоў калоній, адказных за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.
⏺ Адначасова чальцы Кабінета выказалі падтрымку падыходу: пры разглядзе Еўрасаюзам пытанняў аб увядзенні гандлёвых абмежаванняў у дачыненні да Расіі прапаноўваць прымяненне аналагічных захадаў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, каб не спрыяць магчымасцям абыходу санкцый з боку рэжыму ў інтарэсах Расіі.
⏺ Пытанні ўзмацнення супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння беларусаў будуць разглядацца падчас IV Канферэнцыі беларусаў свету, якая пройдзе з 23 па 25 мая ў Варшаве. Чакаецца, што каля 200 удзельнікаў змогуць далучыцца да працы канферэнцыі афлайн, для ахвотных будзе арганізавана магчымасць удзельнічаць анлайн. Кіраўніца Кабінета, прадстаўнікі і іх намеснікі прымуць удзел у сайд-івэнтах 23 мая і ў дыскусіях асноўнага дня канферэнцыі. У завяршэнні працы 24 мая ахвотныя змогуць задаць пытанні прадстаўнікам Кабінета.
⏺ Абмеркаваны таксама падрыхтоўка да пасяджэння Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС» і да Канферэнцыі па палітвязнях, якія запланаваны на чэрвень.
⏺ Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук падзяліўся інфармацыяй аб правядзенні стратэгічнай сесіі з адпрацоўкай сцэнарыяў на выпадак узнікнення пагроз рэгіянальнай бяспецы на тэрыторыі Беларусі ці з яе боку.
@CabinetBelarus
