Павел Латушка звярнуўся у Еўракамісію і шэраг МЗС еўрапейскіх краін з прапановамі гарманізацыі гандлёвых абмежаванняў у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі
2025-05-17
16 мая Павел Латушка як намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення накіраваў звароты ў міністэрствы замежных спраў шэрагу еўрапейскіх краін і Еўракамісію з прапановамі пры магчымым увядзенні гандлёвых абмежаванняў у дачыненні да Расіі за агрэсію супраць Украіны уводзіць аналагічныя абмежаванні для рэжыму Лукашэнкі, які з’яўляецца саўдзельнікам у агрэсіі.
Падчас сустрэч у Варшаве 16 мая з амбасадарамі Вальдэмарасам Сарапінасам (Літва) і Юрысам Пойкансам (Латвія) Павел Латушка асобна засяродзіў увагу на важнасці прымянення сінхранізаванага падыходу па ўвядзенні магчымага гандлёвага эмбарга на пастаўкі тавараў з Расіі, распаўсюджваючы патэнцыйныя абмежаванні і ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў мэтах спынення саўдзелу рэжыму ў агрэсіі Расіі супраць Украіны і спынення ўнутраных рэпрэсій. Павел Латушка адзначыў, што іншы падыход створыць шырокія магчымасці для рэжыму зарабляць на абыходзе як санкцый, так і гандлёвых абмежаванняў.
З амбасадарам Літвы асобна абмеркаваныя пытанні адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі ў межах міжнародных інстытутаў.
@CabinetBelarus
