Латушка: «Неабходна паставіць Лукашэнку ўмовы»
2025-05-14
Павел Латушка, намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, член Каардынацыйнай рады, і Арцём Брухан, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады, член КР, сустрэліся з віцэ-маршалкам Сейма Польшчы Пятром Згажэльскім. У сустрэчы таксама ўдзельнічаў старшыня камісіі па міжнародных справах Сейма Павел Коваль.
Павел Латушка падзякаваў за прыняцце ў красавіку бягучага року рэзалюцыі Сейма, у якой падкрэсліваецца непрызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі і выказваецца падтрымка дэмакратычных сіл.
Абмяркоўвалася ўзмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай вызвалення палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута. Былі прапанаваныя крокі для сумеснага абмеркавання і выпрацоўкі стратэгіі дзеянняў – павелічэння ціску на рэжым Лукашэнкі і выстаўлення дыктатару ўмоў з боку міжнародных партнёраў дэмсіл. Таксама абмеркавана пытанне легалізацыі беларусаў у Польшчы.
Арцём Брухан прадставіў змест аналітычнага дакумента «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнара», падкрэсліўшы важнасць супрацьдзеяння выклікам, якія стварае рэжым Лукашэнкі для бяспекі суседзяў.
З боку віцэ-маршалка Згажэльскага выказана поўная гатоўнасць падтрымліваць дзейнасць Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай рады, садзейнічаць вырашэнню пытанняў легалізацыі беларусаў у Польшчы.
Як адзін з прадстаўнікоў правячай кааліцыі ў Польшчы Пётр Згажэльскі падкрэсліў гатоўнасць падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Беларусі.
Павел Латушка таксама праінфармаваў пра сітуацыю вакол Анжалікі Мельнікавай.
@CabinetBelarus
