Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Як прайшоў візіт кіраўніцы Кабінета Святланы Ціханоўскай у ЗША

2025-05-10

Падчас візіту дэмакратычная лідарка ўдзельнічала ў Sedona Forum, правяла шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Кангрэса ЗША, Дзярждэпартамента, аналітычных цэнтраў, беларускай дыяспары і сустрэлася з 43-м прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам.

⏺ Ціханоўская распачала візіт з удзелу ў Sedona Forum штогадовым форуме Інстытута Маккейна, які аб’ядноўвае сусветных лідараў для абмеркавання выклікаў дэмакратыі, правоў чалавека і бяспекі. Яна выступіла на панэлі, прысвечанай наступствам вайны ва Украіне, зменам у еўрапейскай бяспецы і ролі ЗША пры новай адміністрацыі. Сярод удзельнікаў панэлі былі кангрэсмен Джэйсан Кроў і сенатарка Эмі Клобушар. Мадэратаркай выступіла выканаўчая дырэктарка Інстытута Маккейна Эвеліна Фаркас.

⏺ У Вашынгтоне Святлана Ціханоўская сустрэлася з Крысам Смітам намеснікам памочніка дзяржсакратара па справах Усходняй Еўропы (DAS), які адказвае за працу з Беларуссю, а таксама з Монікай Агер Якабсен, намесніцай памочніка сакратара Бюро дэмакратыі, правоў чалавека і працы (DRL), і Райлі М. Барнсам, старшым супрацоўнікам гэтага ж Бюро. Абмеркавалі далейшыя крокі ў справе вызвалення палітвязняў, магчымасць прызначэння спецпасланніка ЗША па Беларусі, аднаўленне падтрымкі незалежных СМІ, грамадзянскіх ініцыятыў і рэпрэсаваных. Святлана Ціханоўская падзякавала за каардынацыю і падтрымку, у тым ліку за дапамогу ў вызваленні палітвязняў.

⏺ Беларуская дэлегацыя правяла больш за 15 сустрэч у Кангрэсе ЗША з прадстаўнікамі дэмакратычнай і рэспубліканскай партый. Сярод суразмоўцаў кангрэсмены Крыс Сміт, Джо Уілсан, Марыё Дыяс-Баларт, Чак Эдвардс і сенатары Дэн Саліван, Рык Скот, Джын Шахін, Дзік Дурбін, Роджэр Уікер. Абмеркавалі ініцыятывы па правядзенні слуханняў па Беларусі, падачы на разгляд абноўленага Belarus Democracy Act, уключэнні рэпрэсій супраць вернікаў у дакументы Кангрэса.

Галоўныя палітычныя вынікі сустрэч гэта падача Акта аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, а таксама прызнанне з боку ЗША легітымнасці і суб’ектнасці Святланы Ціханоўскай.

⏺ У Вашынгтоне Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай і ўручыла ўзнагароды Аб’яднанага Пераходнага Кабінета выбітным суайчынніцам. У цырымоніі ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускіх суполак і ініцыятыў, дыпламаты і прадстаўнікі Дзярждэпартамента ЗША.

⏺ Падчас візіту ў Даласе Святлана Ціханоўская сустрэлася з 43-м прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам. Сустрэча доўжылася больш за паўтары гадзіны. Абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, пытанні вызвалення палітвязняў, барацьбу з рэпрэсіямі і ролю Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы. У знак удзячнасці Ціханоўская ўручыла Джорджу Бушу Крыж добрасуседства узнагароду Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, якая надаецца па асабістым рашэнні кіраўніцы за істотны ўклад у барацьбу беларусаў за свабоду. Кіраўніца Кабінета таксама падарыла спадару Бушу спецыяльны альбом з архіўнымі фатаграфіямі і дакументамі, прысвечанымі яго падтрымцы Беларусі падчас прэзідэнцтва.

⏺ Ціханоўская выступіла ў Hudson Institute адным з вядучых кансерватыўных аналітычных цэнтраў ЗША, які займаецца пытаннямі бяспекі, міжнародных адносін і палітыкі. У сваёй прамове дэмакратычная лідарка асудзіла ролю Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны і падкрэсліла: «Лукашэнка – гэта не проста малодшы партнёр, ён – ваенны злачынец. Ён аддаў нашу зямлю Расіі для нападу на Украіну. Ён павінен быць прыцягнуты да адказнасці».

Ціханоўская таксама заявіла: «Беларусь сёння – гэта велізарная турма. Але супраціў не скончыўся. Да таго ж мы стварылі ўрад у выгнанні, афіцыйна наладзілі адносіны з дэмакратычнымі краінамі. Мы не здаёмся». Яна адзначыла, што «не будзе міру і бяспекі ў Еўропе без дэмакратычнай Беларусі», і падкрэсліла: «Такіх дыктатараў, як Лукашэнка і Пуцін, немагчыма перавыхаваць. Яны не змяняюцца. Ім трэба супраціўляцца, а не залагоджваць іх».

@CabinetBelarus

Main carousel image