Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Сімвалічны дзень для дыктатараў у Беларусі і Расіі

2025-05-09

Сёння ў Львове прадстаўнікі Кааліцыі дзяржаў прынялі заяву аб стварэнні Спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны. Цэнтральная роля ў стварэнні Спецыяльнага трыбунала належыць Радзе Еўропы.

Фактычна ідзе размова пра прыняцце палітычнага рашэння аб стварэнні міжнароднага інстытута, які забяспечыць прыцягненне да адказнасці за злачынства агрэсіі вышэйшых палітычных і ваенных кіраўнікоў, адказных за планаванне, падрыхтоўку, развязванне або вядзенне вайны супраць Украіны. У гэтым кантэксце гаворка ідзе перад усім пра адказнасць ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расіі, а таксама Беларусі.

Міністры замежных спраў больш як 40 дзяржаў фактычна ўзгаднілі тры базавыя дакументы:

– Пагадненне паміж Украінай і Радай Еўропы аб стварэнні Спецыяльнага трыбунала;
– Статут Спецыяльнага трыбунала;
– Пашыранае частковае пагадненне па кіраванні дзейнасцю Спецыяльнага трыбунала, якое рэгулюе фінансавыя і арганізацыйныя пытанні яго працы.

У сваім афіцыйным каментары адносна Спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны Рада Еўропы адзначае, што «асобы з Беларусі таксама могуць быць прыцягнуты да адказнасці, калі будуць прадстаўлены дастатковыя доказы таго, што яны адыгралі значную ролю ў здзяйсненні гэтага злачынства».

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 3314 (XXIX) Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года, «актам агрэсіі з’яўляецца дзеянне дзяржавы, якое дазваляе выкарыстанне сваёй тэрыторыі, перададзенай у распараджэнне іншай дзяржаве, для здзяйснення гэтай іншай дзяржавай акту агрэсіі супраць трэцяй дзяржавы».

Ваенна-палітычнае кіраўніцтва Беларусі прадаставіла тэрыторыю Беларусі для здзяйснення акту агрэсіі супраць Украіны.

Фармальны юрыдычны працэс стварэння Спецыяльнага трыбуналу ў межах Рады Еўропы можа пачацца толькі пасля таго, як прэзідэнт Украіны афіцыйна запросіць Генеральнага сакратара Рады Еўропы распачаць гэтую працу. Чакаецца, што гэта адбудзецца падчас сесіі Камітэта міністраў Рады Еўропы, якая пройдзе 14 мая 2025 года ў Люксембургу. Плануецца што, міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ўручыць Генеральнаму сакратару Рады Еўропы ліст з запрашэннем распачаць працэс стварэння трыбунала.

Парламенская Асамблея Рады Еўропы і Еўрапейскі парламент падтрымалі ў сваіх рэзалюцыях стварэнне Спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны.

«Як член Каардынацыйнай рады і прадстаўнік дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, некалькі тыдняў таму я ініцыяваў папраўку да адпаведнай рэзалюцыі ПАСЕ “юрысдыкцыя Спецыяльнага трыбунала павінна распаўсюджвацца таксама на меркаваныя злачынствы агрэсіі, здзейсненыя так званым кіраўніцтвам Беларусі” – праз прадастаўленне тэрыторыі для наступу расійскіх войскаў. І гэта папраўка была прынята», – заявіў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка.

«Ад імя Аб’яднанана Пераходнага Кабінета Беларусі вітаю рашэнне краін-членаў Рады Еўропы аб стварэнні Спецыяльнага трыбуналу за злачынства агрэсіі супраць Украіны і лічу важным прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых у здзяйсненні гэтага жудаснага міжнароднага злачынства супраць Украіны і ўкраінскага народа. Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі разлічвае, што вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі панясе заслужаную адказнасць за акт агрэсіі супраць суседняй дзяржавы», – адзначыў Павел Латушка.

@CabinetBelarus

Main carousel image