9 мая - Дзень памяці і адказнасці
2025-05-09
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Ірына МакЛейн – аб траўматызацыі, якой зноў і зноў падвяргаюцца беларусы
«Я – прадстаўніца трэцяга пакалення пасля вайны. Мае бабулі і дзяды перажылі Другую сусветную вайну: нехта на фронце, нехта ў акупацыі, нехта ў эвакуацыі. Гэта быў досвед, які яны насілі ў сабе ўсё жыццё, рэдка гаворачы пра яго ўголас. Але гэты досвед сфарміраваў маіх бацькоў, а праз іх – і мяне. Я вырасла з гэтай нябачнай спадчынай: з траўмай, якая перадаецца нават тады, калі пра яе маўчаць.
Сёння, гледзячы на тое, што адбываецца ў Беларусі, я разумею: гісторыя, якая не пераасэнсавана, паўтараецца ў новых формах. Расійская прапаганда, разам з беларускай дзяржаўнай машынай, выкарыстоўваюць памяць пра вайну як інструмент маніпуляцыі. Замест шчырага ўшанавання памяці ахвяраў, мы бачым гламурызацыю гвалту, апраўданне вайны, спробу зрабіць вайну нормай. Гэта небяспечна: бо так сціраюцца сапраўдныя каштоўнасці – чалавечая годнасць, свабода, суперажыванне.
Гэты працэс – не толькі спроба перапісаць мінулае, але і новая траўматызацыя для нашых грамадстваў. Бо пакуль мы яшчэ лечым незагойныя раны Другой сусветнай, сёння з’яўляюцца новыя: палітычныя рэпрэсіі, турмы, катаванні, разбурэнне сем’яў. Дзеці палітвязняў, іх блізкія, самі зняволеныя – усе яны становяцца носьбітамі гэтай траўмы. Гэта не маленькая вайна, але іншая форма гвалту, якая таксама пакідае след на цэлых пакаленнях. І гэты след будзе перадавацца далей, калі не будзе праўды, справядлівасці, прызнання.
Для мяне 9 мая – гэта нагода задумацца, якой цаной была атрымана перамога і якія высновы мы зрабілі як грамадства. Гэта дзень памяці пра ўсіх, хто змагаўся з нацызмам, пра ўсе народы, якія панеслі страты. Але сёння гэта таксама дзень адказнасці: не дазволіць новым рэжымам эксплуатаваць гэту памяць дзеля апраўдання гвалту і захавання ўлады. Не дазволіць, каб боль нашых продкаў ператварыўся ў інструмент падману. І не забыць, што сапраўдныя каштоўнасці – гэта мір, свабода і чалавечая годнасць».
@CabinetBelarus
