Не будзе бяспекі і еўрапейскай будучыні – без суб’ектнасці беларускага народа
2025-05-08
«Не будзе дэмакратычнага транзіту ўлады ў Беларусі – без структур, здольных яго рэалізаваць. Не будзе бяспекі і еўрапейскай будучыні – без суб’ектнасці беларускага народа», – звярнуўся да еўрапейскіх партнёраў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас пасяджэння Рабочай групы пры Радзе Еўрапейскага саюза COEST з заклікам падтрымліваць беларускую прадэмакратычную большасць, грамадзянскія ініцыятывы, а таксама садзейнічаць умацаванню дэмакратычных інстытутаў Беларусі, якія з’яўляюцца рэальнай альтэрнатывай рэжыму Лукашэнкі.
Па запрашэнні Польскага старшынства ў Радзе Еўрасаюза, Павел Латушка 7 мая выступіў у Варшаве на пасяджэнні рабочай групы COEST ЕС, у якую ўваходзяць дыпламаты з 27 краін-членаў ЕС. Група адказвае за выпрацоўку ўсходняй палітыкі Еўрасаюза.
Намеснік кіраўніцы Кабінета звярнуў увагу на важнасць працягу санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама распавёў пра пяць напрамкаў, над якімі вядзецца праца ў справе прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму за злачынствы супраць беларускага і ўкраінскага народаў.
1️⃣ Адказнасць за незаконны вываз украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь і іх індактрынацыю.
2️⃣ Прыцягненне да адказнасці за транснацыянальныя злачынствы супраць беларускага народа, пераслед беларусаў унутры краіны, іх дэпартацыю і экстэрытарыяльны пераслед за межамі Беларусі – злачынствы супраць чалавечнасці.
3️⃣ Падтрымка стварэння Спецтрыбунала па адказнасці за агрэсію супраць Украіны.
4️⃣ Выкарыстанне механізмаў універсальнай юрысдыкцыі.
5️⃣ Прыцягненне Беларусі да адказнасці перад Міжнародным судом ААН.
Павел Латушка падрабязна расказаў еўрапейскім партнёрам пра дзейнасць інстытутаў дэмсіл Беларусі:
«– Мы сабралі тысячы сведчанняў злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да беларускага народа, і перадалі іх у міжнародныя інстытуты.
– Мы падрыхтавалі прапановы па ўвядзенні санкцый у дачыненні да соцень чыноўнікаў, сілавікоў, прапагандыстаў і прадпрыемстваў, што фінансуюць рэжым і садзейнічаюць агрэсіі супраць Украіны.
– Мы вядзем актыўную міжнародную дзейнасць і ўтрымліваем тэму Беларусі ў міжнародным парадку дня.
– Мы працуем над транзітным перыядам і падрыхтоўкай кадравага рэзерву для новай Беларусі.
– Мы развіваем міжнародную падтрымку беларускай культуры, бізнесу, грамадзянскай супольнасці за мяжой, каб захаваць эканамічны і культурны патэнцыял нацыі».
Павел Латушка таксама падкрэсліў, што паводле Еўрастата, дакументы, якія дазваляюць пастаянна пражываць на тэрыторыі ЕС, беларусы ў 2020 годзе ўпершыню атрымалі 63 520 разоў, у 2021 годзе – 148 871, у 2022 годзе – 310 000, а ў 2023 годзе – 281 279 разоў. Еўрастат пакуль не апублікаваў статыстыку за 2024 год. Але, па даных Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы, статус рэзідэнта толькі ў Польшчы ў 2024 годзе атрымалі 42 000 грамадзян Беларусі.
«Такім чынам, можна ўпэўнена казаць, што з 2020 па 2023 год, паводле падлікаў юрыстаў НАУ, больш за 800 000 разоў грамадзяне Беларусі атрымлівалі статус рэзідэнта ў ЕС. Для ЕС гэта шмат, а для Беларусі – нацыянальная анарэксія», – адзначыў Павел Латушка. Падрабязней тут.
Намеснік кіраўніцы Кабінета асабліва падкрэсліў працяглыя рэпрэсіі ўнутры Беларусі і пераслед беларусаў за мяжой, узгадаўшы пераслед 257 кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду, а таксама ініцыяванне праз генпракурора Лукашэнкі ў Вярхоўным судзе прызнання Кабінета «тэрарыстычнай арганізацыяй».
«80% намаганняў замежнай дзейнасці спецслужбаў Лукашэнкі скіравана на пераслед беларусаў, што выехалі з краіны. Асаблівая ўвага надаецца арганізаванай апазіцыі і, найперш, барацьбе з створанымі намі палітычнымі інстытутамі», – адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета.
@CabinetBelarus
