Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Беларуска-фламандскія кантакты ў галіне літаратуры, адукацыйныя і культурніцкія праекты

2025-05-08

В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі разам з кіраўніцай Інстытута беларускай кнігі Ліліяй Ільюшынай правялі рабочую сустрэчу Генеральным прадстаўніком Фландрыі ў Польшчы і краінах Балтыі Маціясам дэ Мурам (Matthias De Moor) і Тыйсам Верстратэ (Tijs Verstraete), супрацоўнікам прадстаўніцтва Фландрыі па пытаннях палітыкі.

Павел Баркоўскі падзякаваў прадстаўніцтву Фландрыі за шматгадовую падтрымку незалежных беларускіх медыя, аналітычных структур і культурніцкіх праектаў. У межах размовы была абмеркаваная складаная моўная сітуацыя ў Беларусі, працяг палітыкі русіфікацыі і закрыцця школ з беларускай мовай навучання, скарачэння незалежных выдавецкіх праектаў, працягу рэпрэсій супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дзеячоў навукі і культуры.

Таксама былі абмеркаваныя актуальныя магчымасці падтрымкі праектаў ў галіне адукацыі і культуры, прыведзеныя прыклады ўжо рэалізаваных прадуктаў, якія наводзяць культурныя масты паміж двума народамі. Напрыклад, сучасныя тэатральныя праекты, якія звяртаюцца да творчай спадчыны бельгійскіх і фламандскіх аўтараў ў іх найноўшым прачытанні. Генеральны прадстаўнік Фландрыі выказаў асаблівую цікаўнасць да падобных падзей.

Канструктыўным вынікам сустрэчы было абмеркаванне дэталяў рэалізацыі праектаў па падтрымцы беларуска-фламандскіх культурных кантактаў у галіне літаратуры: запуску серыі перакладаў з дацкай на беларускую, правядзення майстар-класаў для перакладчыкаў і ілюстратараў, якія могуць быць рэалізаваныя ў бліжэйшай будучыні пры ўдзеле Інстытута беларускай кнігі.

В.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі:

«Гістарычны лёс нашых народаў у нечым надзвычай блізкі: вопыт войн, рэпрэсій, акупацый, спроб задушэння нацыянальнай свядомасці – тое, што вельмі адгукаецца сучасным жыхарам Бельгіі і асабліва такога яе рэгіёна як Фландрыя, якая цяпер актыўна прасоўвае сябе ў міжнародным супрацоўніцтве і культуры. Магчымасць атрымліваць падтрымку для сумесных праектаў – гэта не толькі дадатковы рэсурс развіцця беларускай культуры і ідэнтычнасці, але і важныя масты міжнароднага супрацоўніцтва, якія могуць стаць гарантыяй лепшага разумення і дыялогу беларусаў і фламандцаў у будучыні. Жыве Беларусь! Жыве Фландрыя!».

@CabinetBelarus

Main carousel image