Дзень памяці пра тое, што не павінна паўтарацца
2025-05-08
8 мая намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, намеснікі прадстаўніка па транзіце ўлады Арцём Праскаловіч і Арцём Брухан, а таксама каманда НАУ наведалі ў Варшаве могілкі-маўзалей савецкіх воінаў і помнік удзельнікам бітвы пад Монтэ-Касіна і ўсклалі кветкі, аддаўшы даніну памяці воінам, якія змагаліся з нацызмам падчас Другой сусветнай вайны.
Сярод больш як 21 тысячы воінаў, пахаваных на могілках-маўзалеі ў Варшаве, ёсць і беларусы — тыя, хто загінулі падчас барацьбы з нацыстамі. Тут шмат брацкіх магіл, і імёны многіх пахаваных у іх невядомыя. Але тут жыве памяць. Памяць пра тое, што ніколі не павінна паўтарацца.
Бітва пад Монтэ-Касіна — гэта яшчэ адна старонка гісторыі вайны, у якую ўпісаныя сотні імёнаў як палякаў, так і беларусаў, якія змагаліся ў Італіі супраць нацызму ў складзе Другога Польскага корпуса пад камандаваннем генерала Андэрса.
Розныя гісторыі, розныя бітвы, розныя арміі — але беларусы назаўсёды і гераічна ўпісалі сябе ў гісторыю той страшнай вайны. У гісторыю перамогі над нацызмам, якая дасталася беларусам і ўсім саюзнікам надта вялікай цаной.
І таму і сёння, і заўтра, 9 мая, мы аддаем пашану воінам, што цаной уласнага жыцця прынеслі нам будучыню без нацызму, і мы кажам галоўнае: ніколі зноў!
Мы памятаем. І не хочам, каб гэта паўтаралася.
@CabinetBelarus

