Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Свята не можа быць на касцях»

2025-05-08

Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета, – з нагоды Дня памяці і прымірэння, прысвечанага загінулым у Другой сусветнай вайне:

«Для мяне гэтыя дні, у якія прынята аддаваць даніну памяці пра тую вялікую вайну, найперш звязаны з успамінамі пра майго дзеда, які ваяваў. Я памятаю, як яны збіраліся з ветэранамі, сваімі аднавяскоўцамі, як размаўлялі паміж сабой. І я, будучы яшчэ зусім маладым, назіраў за імі. Бачыў, што ў людзей гэтыя сустрэчы выклікалі розныя эмоцыі. Але я ніколі не бачыў там радасці, звязанай з вайной. Гэта быў смутак. І былі рэчы, пра якія яны нават не хацелі гаварыць. Казалі, што адбываліся жахлівыя падзеі.

Пазней, калі адкрыліся архівы і з’явілася магчымасць паглядзець на гісторыю Другой сусветнай вайны з усіх бакоў, мы пачалі разумець: для паловы Беларусі вайна пачалася яшчэ ў 1939 годзе. Савецкі Саюз будаваў уласнае ўяўленне пра вайну на міфах, і на гэтых міфах выхоўвалі цэлыя пакаленні. Але праўда пра тое, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі, дагэтуль не адкрыта цалкам. Людзі павінны ведаць пра злачынствы з абодвух бакоў. Беларусы апынуліся паміж двух таталітарных рэжымаў, і галоўным для многіх было проста выжыць.

Калі мы ўсведамляем, што падчас вайны загінулі мільёны, то нельга ўспрымаць гэта як нагоду для святкавання. Свята не можа быць на касцях. У гэтыя дні я свядома аддаю перавагу не “дню перамогі”, а дню памяці і смутку па ўсіх загінулых.

І ёсць простая, але глыбокая думка: “Ніколі зноў”. Каб падобнае больш ніколі не паўтарылася на нашай зямлі. Менавіта з такога пункту гледжання, на маю думку, мы мусім глядзець на вайну, трагічную падзею як беларусы, як людзі, для якіх памяць пра вайну гэта найперш боль, а не парад».

@CabinetBelarus

Main carousel image