Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Святлана Ціханоўская ўручыла ўзнагароды Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падчас візіту ў ЗША

2025-05-07

Падчас працоўнага візіту ў Злучаныя Штаты Амерыкі дэмакратычная лідарка, кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская ўручыла медалі «За плённую працу на карысць Беларусі» і медаль Францыска Скарыны прадстаўніцам беларускай дыяспары ў ЗША.

Адпаведныя пастановы аб узнагароджанні выбітных асоб, падпісаныя Святланай Ціханоўскай, Кабінет прыняў 29 красавіка 2025 года і 24 снежня 2024 года. Узнагароды распрацавала Геральдычная рада.

Медаль «За плённую працу на карысць Беларусі» атрымалі:

▪️ Алеся Кіпель — беларуска-амерыканская грамадская дзяячка, юрыстка — за шчырую адданасць беларускай справе, прамоцыю ідэй вольнай і незалежнай Беларусі ў ЗША;

▪️ Алеся Сёмуха-Грынберг — беларуская грамадская дзяячка, спонсарка шматлікіх гуманітарных і культурніцкіх праектаў — за крэатыўную дзейнасць па захаванні і прамоцыі беларускай мовы і літаратуры ў ЗША і ў Беларусі;

▪️Ірына Красоўская — грамадская дзяячка, праваабаронца — за шматгадовую праваабарончую дзейнасць і асабісты ўнёсак у ліквідацыю знікненняў людзей у Беларусі і ва ўсім свеце.

Медалём Францыска Скарыны узнагароджана:

▪️ Наталля Гардзіенка — аўтарка шматлікіх прац па гісторыі беларускай дыяспары — за шматгадовую навуковую і архіўную дзейнасці на карысць Беларусі.

Рашэнні аб узнагароджаннях у Кабінеце прымаюцца калегіяльна, з улікам прапаноў беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта важны і сімвалічны працэс, асабліва з улікам таго, што абсалютная большасць узнагароджаных ніколі не мела дзяржаўных узнагарод і афіцыйнага прызнання ў Беларусі з-за сваёй грамадзянскай і палітычнай пазіцыі.

@CabinetBelarus

Main carousel image