Павел Латушка распавёў пра стварэнне Спецтрыбунала па адказнасці за агрэсію супраць Украіны
2025-05-06
– Галоўныя факты з каментарыя намесніка кіраўніцы Кабінета:
⏺ 9 мая 2025 года ў Львове плануецца прыняцце палітычнага рашэння аб стварэнні Спецтрыбунала і ўзгадненне яго статута.
⏺ Папярэдне 14 мая 2025 года ў Люксембургу на пасяджэнні Камітэта міністраў замежных спраў Рады Еўропы плануецца фармальны старт прававой працэдуры стварэння трыбунала. Трыбунал будзе рэгуляваць пытанні крымінальнага пераследу вінаватых у злачынстве агрэсіі.
⏺ НАУ працавала над тым, каб у юрысдыкцыю трыбунала была ўключана адказнасць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за прадастаўленне тэрыторыі Беларусі для агрэсіі.
⏺ Паводле рэзалюцыі Генсамблеі ААН № 3314, прадастаўленне тэрыторыі для агрэсіі з’яўляецца актам агрэсіі. Ёсць падставы лічыць, што Беларусь здзейсніла гэты акт, а яе вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва – злачынства агрэсіі.
⏺ Трыбунал будзе створаны праз міжнародны дагавор паміж Украінай і Радай Еўропы. Рада Еўропы будзе садзейнічаць працы трыбунала.
⏺ Падчас апошняга пасяджэння прававога камітэта ПАРЕ, Павел Латушка ініцыяваў унясенне ў рэзалюцыю ПАРЕ аб адказнасці за агрэсію супраць Украіны пункта пра адказнасць Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за прадастаўленне тэрыторыі Беларусі. Гэтая папраўка была прынята падчас красавіцкай сесіі ПАРЕ.
⏺ Трыбунал будзе абапірацца на нацыянальнае заканадаўства Украіны і будзе вымушаны прызнаваць персанальны (абсалютны) імунітэт, які ў беларускім кантэксце маюць:
- узурпатар Лукашэнка,
- прэм’ер Галоўчанка (на момант агрэсіі),
- міністр замежных спраў Макей, які, у тым ліку ў сувязі са смерцю, не будзе прыцягнуты да адказнасці.
⏺ Для астатніх прадстаўнікоў ваенна-палітычнага кіраўніцтва дзейнічае функцыянальны імунітэт – толькі падчас выканання імі службовых абавязкаў. Напрыклад, калі міністр абароны Хрэнін спыняе паўнамоцтвы і не прызначаецца прэм’ерам ці міністрам замежных спраў, яго імунітэт перастае дзейнічаць.
⏺ Паводле ацэнкі НАУ, пад крымінальны пераслед у межах Спецтрыбунала могуць патрапіць:
- міністр абароны Хрэнін,
- былы старшыня Дзяржпагранкамітэта Лапо.
⏺ Таксама да вывучэння іх удзелу ў злачынстве могуць падпасці:
- усе члены Савета бяспекі,
- члены Генштаба Узброеных сіл,
- начальнік Беларускай чыгункі,
– кіраўнікі аблвыканкамаў, якія забяспечвалі інфраструктурную і іншую дапамогу для ажыццяўлення агрэсіі.
⏺ Павел Латушка заявіў, што стварэнне трыбунала – выразны сігнал атачэнню Лукашэнкі: выкананне злачынных загадаў, якія парушаюць Канстытуцыю і міжнароднае права, не застанецца без адказнасці.
⏺ Новая задача – збор, абагульненне і прадстаўленне доказаў злачынства агрэсіі.
У наступным відэа Павел Латушка падрабязна распавёў пра тых прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, якія могуць быць прыцягнутыя да адказнасці ў рамках дадзенага Спецтрыбунала:
https://youtu.be/r6HAg_cJLjo
@CabinetBelarus
