З нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы і гадавіны прыняцця Канстытуцыі 3 мая
2025-05-03
– Каментарый в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Паўла Баркоўскага:
«Сёння дзень, што праходзіць пад знакам Свабоды.
234 гады таму народы Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны атрымалі першую ў Еўропе Канстытуцыю, якая пашырала правы і свабоды шырокім колам грамадства – непараўнальна большыя, чым у суседзяў.
Сёння таксама ў 31-ы раз адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы – дата, прынятая ААН для ўшанавання працы журналістаў і напаміну пра неабходнасць іх абароны ад ціску з боку ўлад.
На жаль, беларускія медыя працуюць ва ўмовах жорсткага ціску з боку аўтарытарнай дзяржавы, з пастаяннымі пагрозамі жыццю і бяспецы журналістаў.
Беларусь займае 166-е месца са 180 у сусветным рэйтынгу свабоды слова – побач з Расіяй, Кітаем, Іранам, М’янмай і Эрытрэяй.
За апошнія гады дзясяткі беларускіх незалежных выданняў абвешчаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», больш за тры дзясяткі журналістаў – за кратамі, толькі за сваю працу. Сярод іх – Кацярына Андрэева, Марына Золатава, Анджэй Пачобут, Андрэй Аляксандраў, Яўген Меркіс, Ірына Слаўнікава і іншыя.
Спісы выданняў і матэрыялаў, прызнаных «экстрэмісцкімі», уключаюць некалькі тысяч найменняў. Гэта сведчыць: свабода слова ў Беларусі – адна з самых груба парушаных сфер правоў чалавека.
Чаму гэта важна? Бо без свабоды прэсы грамадства губляе крытычны погляд на сябе, уладу ніхто не кантралюе, а палітычныя эліты дэградуюць. Журналістыка – ключ да празрыстасці, даверу і прафілактыкі напружання.
У гэты і іншыя дні варта памятаць: свабода думкі і выказвання – базавае права чалавека. І падтрымліваць тых, хто змагаецца за яго.
Дапамагайма беларускім незалежным медыя – чытайма, падпісваймася, ахвяруйма. Бо без уласных сродкаў інфармацыі мы застаёмся безабароннымі перад дэзінфармацыяй і прапагандай»
@CabinetBelarus
