У Дзень працы – пра права на працу для людзей з інваліднасцю
2025-05-01
– Расказвае Ірына МакЛейн, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета:
«Я маю інваліднасць. Пра гэта ведаюць не ўсе, бо няма відавочных прыкмет. Я магу працаваць. І я не адна такая. У Беларусі шмат людзей з інваліднасцю, якія працуюць, вучацца, падтрымліваюць іншых.
На жаль, шмат і тых, хто не мае такой магчымасці. Гэта адбываецца не толькі з-за фізічных абмежаванняў, а нават у большай ступені з-за бар’ераў у сістэме. Няма адаптаваных працоўных месцаў, няма інклюзіўнай адукацыі, няма праграм падтрымкі. Часамі няма проста магчымасці бяспечна выйсці з дому без ліфта і нармальнага пандуса. Не кажу ўжо, што ў грамадстве і ва ўлады не заўсёды ёсць разуменне, што працаваць мае права кожны і кожная.
1 мая – Дзень працы. І гэта добры момант, каб згадаць пра тых, каму не могуць гарантаваць гэтае права. І згадаць пра тых, чыю працу не заўсёды заўважаюць: сацработнікі, медыцынскія і гуманітарныя службы, валанцёры…
Сёння разам з дабрачынным фондам «Краіна для жыцця» служба «Хуткай гуманітарнай дапамогі» вядзе збор для падтрымкі людзей з інваліднасцю. Яны працуюць з верай, што ў здаровым грамадстве няма “сваіх” і “чужых”, “моцных” і “слабых”, раздзялення на “інвалідаў“ і “не інвалідаў“. Ёсць людзі – і ёсць месца для кожнага і кожнай, ёсць абавязак не пакідаць людзей па-за межамі годнасці.
Калі гэтыя думкі адгукаюцца ў вас гэтак жа, як і ўва мне, – далучайцеся. Падтрымка людзей з інваліднасцю – гэта не дабрачыннасць, а пытанне правоў чалавека»
@CabinetBelarus
