Святлана Ціханоўская – пра намер рэжыму «прызначыць» Аб’яднаны Пераходны Кабінет тэрарыстычнай арганізацыяй
2025-04-30
«Гэта яшчэ адна дэманстрацыя бездапаможнасці лукашэнкаўскага рэжыму. Рэжым, які адказны за злачынствы супраць уласнага народу і за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны, спрабуе перавярнуць усё з ног на галаву.
Яны навешваюць ярлыкі экстрэмістаў і тэрарыстаў на людзей, якія клапоцяцца і змагаюцца за інтарэсы беларускага народа. Для іх «тэрарысты» – гэта ўсе, хто супрацьстаіць беззаконню, дапамагае рэпрэсаваным, распаўсюджвае праўду.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет быў створаны, каб абараняць незалежнасць Беларусі, дамагацца вызвалення палітвязняў, падтрымліваць рэпрэсаваных і рыхтаваць мірны пераход улады да дэмакратыі. Мы змагаемся не зброяй, а праўдай, салідарнасцю і міжнароднай падтрымкай.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет працягне працу па ўсіх напрамках – нацыянальная бяспека, сацыяльная дапамога, культурнае адраджэнне, моладзевая палітыка, міжнародныя справы і падрыхтоўка транзіту ўлады. Мы працуем у інтарэсах беларусаў, і пагрозы рэжыму не спыняць нашую дзейнасць»
@CabinetBelarus
