Павел Латушка – падчас пасяджэння Аб’яднанага Пераходнага Кабінета
2025-04-29
«Мы працуем па пяці асноўных кірунках, звязаных з адказнасцю за злачынствы супраць беларускага і ўкраінскага народаў.
📌 Першы – гэта адказнасць за незаконны вываз украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь і іх індактрынацыя. Мы канстатуем, што дзякуючы дзеянням, у тым ліку Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, вываз у Беларусь груп дзяцей са студзеня бягучага года прыпынены, але адказнасць за ўжо ўчыненыя злачынствы павінна быць непазбежнай.
📌 Другі – прыцягненне да адказнасці за транснацыянальныя злачынствы супраць беларускага народа, пераслед беларусаў унутры краіны, іх дэпартацыя і экстэрытарыяльны пераслед за межамі Беларусі. Офісу пракурора Міжнароднага крымінальнага суда перададзена шмат сведчанняў і доказаў, і цяпер МКС ажыццяўляе папярэдняе вывучэнне сітуацыі ў Беларусі, мы спадзяёмся на фармалізаванае рашэнне аб пачатку расследвання. Але ўжо сёння можна канстатаваць, што "стоп-кран" у цягніку Лукашэнкі да адказнасці дэмантаваны.
📌 Трэці – стварэнне спецыяльнага трыбунала па адказнасці за агрэсію супраць Украіны. Мы дамагліся таго, што ў рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы аб адказнасці за агрэсію асобна пазначана роля Лукашэнкі за здзяйсненне агрэсіі. Найбліжэйшым часам будзе абвешчана пра стварэнне Спецтрыбунала, будзе падпісана пагадненне паміж Урадам Украіны і Радай Еўропы. Чакаецца, што да яго стварэння можа далучыцца больш за 40 краін.
📌 Чацвёрты – выкарыстанне механізмаў універсальнай юрысдыкцыі. Акружны суд у Варшаве прыняў фактычна прэцэдэнтнае рашэнне аб магчымасці ўзбуджэння крымінальнай справы па факце гвалту ў адносінах трох беларусаў, які пацярпелі ад дзеянняў прадстаўнікоў сілавых структур рэжыму Лукашэнкі. На сёння мы вядзем супрацоўніцтва з шэрагам юрыдычных кампаній Польшчы pro bono, якія дапамагаюць нам у расследаванні дадзеных злачынстваў. Напрыклад, юрыдычная кампанія Kopeć & Zaborowski сумесна з НАУ дапамагае ў расследаванні спраў, звязаных з гвалтам у адносінах да 15 грамадзян Беларусі. Спадзяёмся, што механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі пачнуць працаваць і гэта прывядзе да выдачы ордараў на арышт у адносінах сілавікоў, якія здзейснілі гэтыя злачынствы.
📌 Пяты – мы абагульняем інфармацыю аб парушэннях рэжымам Лукашэнкі канвенцыі ААН супраць катаванняў для прыцягнення яго да адказнасці з Міжнародным судзе ААН за масавы гвалт у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва Беларусі.
📌 Пра кейс Анжалікі Мельнікавай: на сёння мы атрымалі два афіцыйныя адказы – ад Камендатуры сталічнай паліцыі і Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Узбуджаная крымінальная справа па факце незаконнага пазбаўлення волі. Анжаліка Мельнікава разглядаецца як пацярпелая.
Рэжым ажыццяўляе фактычна вайну супраць дэмакратычных інстытутаў і ініцыятыў, актывістаў дэмруху, не абмяжоўвачы свае злачынныя намеры і дзеянні: завочныя прысуды, шантаж, пагрозы, планаванне забойстваў і інш.
Гэта рэальнасць, у якой мы жывем. Але гэта не азначае, што мы маем права здацца.
Сёння вядома, што следства па справе Анжалікі Мельнікавай вядзе Агенцтва ўнутранай бяспекі. 25 красавіка я звярнуўся з афіцыйным запытам да Генеральнага пракурора Польшчы з просьбай аб сустрэчы. Падчас гэтай сустрэчы я хацеў бы атрымаць дадатковыя магчымыя звесткі, якія датычацца меркаванага прымусовага пазбаўлення волі Анжалікі Мельнікавай»
@CabinetBelarus

