«Гэта не тыя беларусы, па якіх трэба судзіць пра нашу нацыю»
2025-04-29
– Каментарый Вадзіма Кабанчука, прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі:
«Украінскі праект “Хачу жыць“ распаўсюдзіў інфармацыю, што каля 750 беларусаў ваююць на баку Расіі. Але трэба разумець, хто гэтыя людзі.
Вось тыповы прыклад – Павел Глухаў. Чалавек, які адбываў пакаранне за забойства ў калоніі ва Удмуртыі, а потым трапіў у “мясны штурм” і быў расстраляны за тое, што адмовіўся ісці на забой.
Гэта не тыя беларусы, па якіх трэба судзіць пра нашу нацыю. Гэта пераважна маргіналізаваныя людзі, часта без выразнай пазіцыі, пад уплывам шматгадовай расійскай прапаганды і з банальнымі матывамі “падзарабіць“. Дарэчы, многія з іх маюць і расійскае грамадзянства – цяжка сказаць, кім менавіта яны самі сябе лічаць.
Ды і не пашпарт ідэнтыфікуе чалавека, а яго ўнутраны стан і перакананні. Напэўна, шмат хто з гэтых беларусаў, якія ваююць на баку Расіі, толькі па пашпарце беларусы. Ёсць таксама частка людзей, якія патрапілі пад індактрынацыю “рускім светам“.
Галоўнае – гэта адбываецца з маўклівай згоды Лукашэнкі. Гэта ён адкрыў дзверы расійскай вайне і дазволіў гэтаму адбывацца.
А цяпер іншы бок. Больш за 1000 беларусаў змагаліся і змагаюцца на баку Украіны з 2014 года. Гэта людзі Палка Каліноўскага, іншыя беларускія добраахвотнікі. Іх ніхто не прымушаў – яны самі зрабілі выбар. І менавіта яны паказваюць твар сапраўднай Беларусі: той, якая змагаецца за свабоду і годнасць.
За Украіну ваююць людзі, якія прыехалі сюды па ідэйных перакананнях. Мы ведаем, што іх матывацыя – дапамога Украіне, перамога Украіны і наступнае вызваленне Беларусі.
Мы ведаем, на чыім баку праўда. І наша задача – падтрымліваць тых, хто абараняе свабоду і для Украіны, і для будучыні Беларусі».
@CabinetBelarus
