Латушка: «Пагроза прыцягнення да міжнароднай крымінальнай адказнасці ўплывае на Лукашэнку»
2025-04-26
Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ, у інтэрв’ю YouTube-каналу NEXTA Plus распавёў пра міжнародныя намаганні дзеля прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць Украіны:
«Са студзеня гэтага года мы не назіраем прыбыцця на тэрыторыю Беларусі груп украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, якіх незаконна вывозілі па рашэнні Лукашэнкі для індактрынацыі на тэрыторыі Беларусі. Гэта азначае, што пагроза прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да міжнароднай крымінальнай адказнасці за здзяйсненне ваеннага злачынства – дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей – уплывае на Лукашэнку. Ён спыніў… Ну, давайце так: прыпыніў гэтую дзейнасць.
У тым ліку дзякуючы таму, што робіць НАУ. Мы двойчы перадалі ў МКС дзве камунікацыі афіцыйна – у адпаведнасці з працэдурамі Міжнароднага крымінальнага суда. Перадача ўсёй доказнай базы. Сустрэча з аналітыкамі. Пацвярджэнне дакументамі, подпісамі ўсяго таго, што ўчыніў Лукашэнка. Але злачынства здзейснена і адказнасць павінна наступіць, мы працягваем на гэта працаваць.
Цяпер мы гаворым пра тое, што, я спадзяюся, адбудзецца: 9 мая будзе абвешчаны спецтрыбунал за агрэсію супраць Украіны. І вось літаральна два тыдні таму я быў у Страсбургу. Там разглядалася рэзалюцыя ПАРЕ аб адказнасці Расіі за агрэсію супраць Украіны. Я ўнёс папраўку як прадстаўнік беларускай дэлегацыі ў ПАРЕ: пункт 10 быў дапоўнены прапановай – у тым ліку аб адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых за здзяйсненне злачынства агрэсіі.
Спецтрыбунал стварае Рада Еўропы, краіны, якія падпісваюць статут гэтай арганізацыі і Украіна. І ў гэтым статуце прадугледжваецца адказнасць за агрэсію – у тым ліку за прадастаўленне тэрыторыі.
Цяпер Украіна, стаўшы чальцом Міжнароднага крымінальнага суда, павінна імплементаваць палажэнні Рымскага статута ў сваё нацыянальнае заканадаўства. І яна абавязкова гэта зробіць. А Рымскі статут трактуе прадастаўленне тэрыторыі для агрэсіі як акт агрэсіі.
Ёсць праблема, звязаная з імунітэтамі. Яна яшчэ не вырашаная. Магчыма, мы даведаемся 9-га пра канчатковае рашэнне. Але, хутчэй за ўсё, з-пад адказнасці фармальна выпадаюць – паводле пасад – прэзідэнт, прэм’ер і міністр замежных спраў. Гэта ў кантэксце Расіі. Але ў Беларусі – узурпатар, адпаведна, прэм’ер і міністр замежных спраў. Да таго моманту, пакуль яны знаходзяцца на гэтых пасадах. Як толькі яны перастаюць імі быць – яны падпадаюць пад юрысдыкцыю суда. Але, напрыклад, міністр абароны Лукашэнкі Хрэнін ці былы старшыня Дзяржаўнага пагранкамітэта Лаппо, які адкрываў шлагбаўмы на беларуска-расійскай мяжы, будуць пад юрысдыкцыяй трыбунала».
@CabinetBelarus
