Польшча запускае праграму падтрымкі для вучоных пад міжнароднай абаронай
2025-04-16
– Каментуе в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Баркоўскі:
«Мы вельмі ўсцешаныя навіной пра запуск новай праграмы падтрымкі даследчыкаў, што знаходзяцца ў Польшчы пад міжнароднай абаронай. Праграма фінансуецца праз Нацыянальнае Агенцтва акадэмічных абменаў (NAWA).
У 2021–2023 гадах праграма “Салідарны з Беларуссю” стала важным падмуркам для рэпрэсаваных беларускіх навукоўцаў, дала ім магчымасць аднавіць працу і ўключыцца ў міжнародную акадэмічную супольнасць. Мы неаднаразова хадайнічалі перад польскімі міністэрствамі аб неабходнасці вяртання такой ініцыятывы – і сёння шчыра ўдзячныя за яе аднаўленне, хай і ў новым фармаце.
Чаму гэта так важна? Падобныя праграмы не толькі захоўваюць інтэлектуальны патэнцыял беларускай навукі, але і ўмацоўваюць кампетэнцыі тых, хто здольны быць асновай для будучай мадэрнізацыі краіны. Рэпрэсіі, якія асабліва закранулі медыкаў, настаўнікаў, даследчыкаў і іншых прафесіяналаў, прывялі да масавага зыходу людзей, жыццёва неабходных для развіцця грамадства. Іх страта – гэта страта не толькі для сістэмы адукацыі ці аховы здароўя, але і для нацыянальнай будучыні.
На жаль, улады замест таго, каб падтрымліваць уласных спецыялістаў, спрабуюць вырашаць дэфіцыт кадраў за кошт працоўных мігрантаў, якія не заўсёды маюць патрэбную кваліфікацыю. Але толькі тыя, хто глыбока разумее беларускі кантэкст – асабліва ў сацыяльна-гуманітарным рэчышчы – і мае прафесійны досвед, здольныя стаць сапраўднай апорай для аднаўлення і адраджэння краіны.
Таму яшчэ раз выказваем падзяку польскім партнёрам за прадуманую і дальнабачную палітыку. Гэта не толькі жэст салідарнасці, але і інвестыцыя ў вольную і адукаваную будучыню Беларусі»
@CabinetBelarus
