Дэмакратычна настроеныя беларусы маюць вялікі маральны абавязак перад палітвязнямі і добраахвотнікамі
2025-04-16
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі падтрымае арганізацыю і правядзенне марафону па зборы сродкаў для беларускіх добраахвотнікаў. Рашэнне аб гэтым прынята падчас пасяджэння Кабінета 15 красавіка.
Як адзначыла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, мы маем маральны абавязак дапамагаць беларускім добраахвотнікам, якія ваююць альбо ваявалі на баку Украіны. І гэты абавязак не меншы, чым перад палітзняволенымі.
«Дабрачынны марафон у падтрымку беларускіх ваяроў можа стаць акцыяй салідарнасці, падчас якой можна акумуляваць сродкі і перадаць іх для размеркавання добраахвотніцкім структурам. Праведзены раней марафон “Нам не ўсё адно” добра паказаў, які на самой справе вялікі патэнцыял у беларускай салідарнасці», – заўважыла Вольга Зазулінская.
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук у сваю чаргу адзначыў, што аднымі з удзельнікаў дабрачыннага марафону ў дапамогу беларускім ваярам-добраахвотнікам маглі б стаць «Фонд Кастуся Каліноўскага» і рух «Каліноўцы». Пры гэтым не выключаны удзел і іншых зацікаўленых арганізацый.
Ідэю марафону падтрымала і кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, і заклікала ўсіх беларусаў замежжа далучыцца да гэтай ініцыятывы. В. Зазулінская і В. Кабанчук працягнуць кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі.
Падчас пасяджэння таксама абмеркаваны:
✨ праца Прадстаўніцтва па транзіце ўлады па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за агрэсію супраць Украіны справаздачыўся Павел Латушка;
✨ вынікі працы прадстаўнікоў дэмакратычных сіл на сесіі ПАРЕ – справаздачыліся Павел Латушка і Маргарыта Ворыхава;
✨ падрыхтоўка чарговага раўнду дыялогу ў межах Кансультатыўнай групы з ЕС – справаздачыўся Уладзімір Астапенка;
✨ ход кансультацый з прадстаўнікамі краін Еўропы аб магчымых фарматах удзелу беларускіх грамадзян ва ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі – справаздачыўся Вадзім Кабанчук;
✨ ход падрыхтоўкі да мерапрыемстваў з нагоды 39-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС – справаздачыўся Павел Баркоўскі;
✨ арганізацыя і правядзенне ў маі IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету – справаздачылася Вольга Зазулінская. Яна ж распавяла аб планах правядзення ў чэрвені 2-га Кангрэса па палітвязнях.
@CabinetBelarus
