«Ахвочых бараніць Еўропу – у выпадку эскалацыі – могуць быць дзясяткі тысяч»
2025-04-14
Вадзім Кабанчук, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, распавёў пра ўдзел у першай панэлі мерапрыемстваў у Празе, прысвечанай бяспецы ў рэгіёне і месцу Беларусі ў еўрапейскай сістэме бяспекі:
«Падчас дыскусіі ўздымаліся тэмы мілітарызацыі і эскалацыі ў рэгіёне, уплыву рэжыму Лукашэнкі на агульную дэстабілізацыю, а таксама пытанне размяшчэння расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і іх агрэсіўных намераў.
Асобна абмяркоўваліся будучыя вайсковыя вучэнні “Захад–2025”. Яны знаходзяцца пад увагай еўрапейцаў і адпаведных структур, усе разумеюць сур’ёзнасць сітуацыі і тое, што не выключаны сцэнарый далейшай эскалацыі.
На жаль, пра паспяховасць ініцыятыў па прымірэнні Расіі і Украіны сёння можна гаварыць толькі ў вельмі аддаленай перспектыве. Таму мы рыхтуемся да развіцця падзей, як любыя вайсковыя структуры, з пункту гледжання горшага сцэнарыя.
Адзін з нашых мэсэджаў – каб еўрапейцы падумалі пра змену нацыянальных заканадаўстваў і заканадаўства ў межах ЕС і далі дазвол на праходжанне вайсковай службы для замежных грамадзян.
Чаму гэта важна, чаму гэта можа быць цікава для нас і для Еўропы?
Па-першае, гэта салідарнасць. Гэта тое, што зрабіла Украіна ў першыя дні поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе – і на дапамогу ёй прыйшлі тысячы. Мы можам прагназаваць, што ахвочых бараніць Еўропу – у выпадку эскалацыі – могуць быць дзясяткі тысяч. І дазвол замежным грамадзянам, у тым ліку беларусам, на службу ў еўрапейскіх краінах дапаможа ўмацаваць нацыянальныя войскі.
Па-другое, у нас ёсць запыт з боку беларускай дыяспары ў Еўропе – яе прадстаўнікі гатовыя далучыцца і бараніць краіны, у якіх яны жывуць, найперш гэта краіны Усходняй Еўропы. Дарэчы, ужо ёсць шмат беларусаў, якія атрымалі грамадзянствы Польшчы або Чэхіі, і некаторыя з іх праходзяць службу ў сілавых структурах гэтых краін.
Яшчэ адзін важны мэсэдж – стварэнне альтэрнатывы не толькі ў грамадзянскім і палітычным сектары, але і ў сілавым. Каб сілавікі рэжыму разумелі, што для іх ёсць варыянт, выбар, які рана ці позна перад імі паўстане.
Апроч таго, абмяркоўвалася тэма супрацьдзеяння агентуры рэжыму на тэрыторыі ЕС. Чэшскія партнёры знаёмыя з гэтай праблемай і разглядаюць яе як рэальную пагрозу – адпаведныя выпадкі фіксаваліся і на тэрыторыі Чэхіі».
У мерапрыемствах, арганізаваных Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі і Цэнтрам трансатлантычных адносін (PCTR) пры падтрымцы МЗС Чэхіі, прынялі ўдзел сенатар Павел Фішар, урадавы камісар па аднаўленні Украіны Томаш Капечны іншыя прадстаўнікі чэшскіх палітычных і экспертных колаў.
Мерапрыемства адкрылі кіраўніца Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе Крысціна Шыянок і намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Ян Мар’ян. На адкрыцці прысутнічаў амбасадар Аўстрыі.
Крысціна Шыянок: «Я вельмі ўдзячная чэшскаму палітычнаму кіраўніцтву за непахісную падтрымку беларускага дэмакратычнага руху і дзейнасці нашага Офіса ў Чэхіі. З 2020 года Чэхія прыняла сотні беларускіх палітычных уцекачоў. Беларусы ведаюць, што з-за прынцыповай пазіцыі нашы чэшскія саюзнікі часта становяцца мішэнню для спецслужбаў Пуціна і Лукашэнкі. І яны тым больш цэняць вашу падтрымку. Цэняць тое, што вы не ставіце знак роўнасці паміж рэжымам і народам, паміж расіянамі і беларусамі».
@CabinetBelarus

