Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Вольга Зазулінская – да гадавіны тэракту ў мінскім метро: «Мы нават не ведаем, ці сапраўдныя віноўнікі былі пакараныя»

2025-04-11

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета згадала падзеі 11 красавіка 2011 года выбух у мінскім метро, у выніку якога загінулі 15 чалавек і сотні былі параненыя:

«11 красавіка дзень, які для многіх беларусаў звязаны з болем і страхам.

Я была на працы, мой сын меў вяртацца з трэніроўкі. Ён не ездзіў у метро, але я чамусьці стала яму тэлефанаваць напэўна, проста ад трывогі, якая ахапіла ўсіх.

З тых часоў мінула 14 гадоў. Але дагэтуль сем’і ахвяр трагедыі не дачакаліся справядлівасці. І ці ўвогуле справядліва пацярпець ад злачынства?

Мы нават не ведаем, ці сапраўдныя віноўнікі былі пакараныя. Судовы працэс адбыўся з сур’ёзнымі парушэннямі празрыстасці, а саміх асуджаных расстралялі. Гэта не акт справядлівасці, а спроба паставіць кропку і схаваць канцы ў ваду.

Беларусь адзіная краіна ў Еўропе, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне. І яно можа быць выкарыстана ўладай у любы момант калі ёй гэта выгадна.

Настане час, калі праўда будзе раскрытая. І толькі тады мы зможам адчуваць сябе ў бяспецы, у справядлівым грамадстве, дзе чалавечае жыццё мае сапраўдную вартасць. Давайце разам набліжаць гэты час».

@CabinetBelarus

Main carousel image