Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Вадзім Кабанчук прадставіць пазіцыю Кабінета па пытаннях рэгіянальнай бяспекі падчас мерапрыемстваў у Празе

2025-04-10

11 красавіка ў Празе адбудуцца круглыя сталы пад назвай «Будучыня Беларусі – еўрапейская: выбіраем каштоўнасці, а не страх», у якіх прыме ўдзел прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вадзім Кабанчук.

Мерапрыемства аб’яднае беларускіх і чэшскіх экспертаў, палітыкаў і дыпламатаў для абмеркавання ключавых аспектаў еўрапейскай інтэграцыі Беларусі.

У праграме – тры тэматычныя панэлі:
1️⃣ Абарончая ініцыятыва дэмакратычнай Беларусі: падтрымка Украіны і еўрапейскай бяспекі
2️⃣ Еўрапейскі курс Беларусі: гісторыя, грамадства і грамадская думка
3️⃣ Інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую палітычную прастору: дэмакратычныя сілы Беларусі і еўрапейскія інстытуты

Сярод удзельнікаў – дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілінкевіч, намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Ян Мар’ян, сенатар Павел Фішар, урадавы камісар па аднаўленні Украіны Томаш Капечны, спецпрадстаўнік МЗС Чэхіі па Усходнім партнёрстве Давід Стулік і інш.

Арганізатары мерапрыемства – Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі і Цэнтр трансатлантычных адносін (PCTR).

Вадзім Кабанчук: «Я еду ў Прагу, каб сказаць: беларусы на полі бою ўжо даказваюць свой еўрапейскі выбар. Мы гаворым пра еўрапейскую будучыню – але шмат хто з беларусаў ужо цяпер плаціць за яе цану. Наш унёсак у бяспеку Еўропы рэальны, і наша задача – каб Еўропа бачыла ў беларусах партнёраў, а не пагрозу»

@CabinetBelarus

Main carousel image