«Здароўе беларусаў хвалюе толькі саміх беларусаў»
2025-04-07
Намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, урач Станіслаў Салавей – з нагоды Сусветнага дня аховы здароўя:
«У нармальнай дзяржаве клопат пра здароўе людзей – адна з галоўных задач. Але беларусы бачаць іншую рэальнасць.
Улады ігнаруюць пандэміі, заклікаюць піць атручаную ваду, нязгодных змяшчаюць у нечалавечыя ўмовы і пазбаўляюць медыцынскай дапамогі. Сістэма страчвае дасведчаных спецыялістаў, а маладых – лічыць прыгоннымі.
Уводзяцца штучныя бар’еры на шляху сучасных лекаў. Калі чалавек сутыкаецца з цяжкай хваробай, дзяржава абыякава ўмывае рукі і сям’я вымушана спадзявацца на неабыякавых беларусаў.
Пры гэтым у краіне масава адкрываюцца тытунёвыя кіёскі каля школ і паліклінік, палітыка рэжыму зводзіцца да “чаркі і шкваркі”, будуюцца лядовыя палацы, куды звычайная сям’я не можа адправіць дзіця. Чыноўнікі ад медыцыны хлусяць і хаваюць статыстыку. Тых, хто памёр падчас эпідэміі, абвінавачваюць саміх у сваёй смерці.
Падчас пандэміі COVID-19 Лукашэнка свядома змяншаў небяспеку сітуацыі. Сацыяльныя і медыяканалы не маглі адкрыта казаць пра маштабы праблемы. Усё гэта сведчыць: здароўе беларусаў сёння не з’яўляецца прыярытэтам для рэжыму.
Мы павінны разам дамагацца, каб у новай Беларусі жыццё і здароўе чалавека сталі сапраўднай каштоўнасцю, а не пустой дэкларацыяй».
@CabinetBelarusл
