Беларускія арганізацыі ў Варшаве атрымаюць больш магчымасцей для супрацоўніцтва і падтрымкі
2025-04-04
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета паведамляе аб выніках рабочай сустрэчы, якая прайшла ў мэрыі Варшавы з удзелам в.а. прадстаўніка Кабінета Паўла Баркоўскага, прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і фонду «Тутака», дырэктара Бюро культуры Варшавы Артура Юзьвіка, спецпрадстаўніка МЗС Польшчы па справах Беларусі Адама Халацінскага, а таксама супрацоўнікаў Бюро міжнароднага супрацоўніцтва.
Абмеркавалі:
✨магчымасць стварэння шматфункцыянальнай прасторы для беларускіх арганізацый у Варшаве;
✨даступнасць памяшканняў на некамерцыйных умовах;
✨інфармаванне пра стыпендыі і конкурсы з польскага боку;
✨супрацоўніцтва з польскімі культурнымі інстытуцыямі, у тым ліку фармат адукацыйных візітаў;
✨кансультацыі пра патрэбы беларускай супольнасці;
✨візавая падтрымка творцаў з Беларусі – пакуль у індывідуальным парадку праз рэкамендацыі давераных арганізацый, з перспектывай пераходу да сістэмных рашэнняў.
Па выніках сустрэчы польскі бок падрыхтаваў комплексны дакумент з пералікам інструментаў і кантактаў для беларускіх арганізацый, зарэгістраваных у Польшчы. Версія на беларускай мове дадаецца.
Павел Баркоўскі: «Беларуская супольнасць у Варшаве мае патэнцыял для стварэння паўнавартаснай культурнай прасторы. Але патрэбна каардынацыя, ініцыятыва знізу і разуменне, што гарадскія механізмы падтрымкі адкрытыя – варта толькі карыстацца імі».
Прадстаўніцтва таксама звяртае ўвагу на магчымасці:
✨удзелу беларускіх ініцыятыў у профільных камісіях пры Бюро культуры Варшавы;
✨падпіскі на штотыднёвую рассылку Бюро міжнароднага супрацоўніцтва;
✨ кансультацый з Варшаўскай абсерваторыяй культуры і Старамескім домам культуры, якія падтрымліваюць міжкультурнае супрацоўніцтва.
Зацікаўленыя арганізацыі могуць звяртацца ў Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета для каардынацыі і атрымання дадатковай інфармацыі.
@CabinetBelarus



