Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і яе намеснік Павел Латушка прывіталі рэзалюцыю Еўрапарламента, у якой асуджаецца ўзмацненне рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі
2025-04-03
Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі і заклікае да тэрміновых дзеянняў для абароны правоў чалавека ў Беларусі. Рэзалюцыю падтрымалі 535 дэпутатаў, 19 выступілі супраць.
Святлана Ціханоўская: «Тое, што адбываецца ў Беларусі, – палітычная і гуманітарная катастрофа. Рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца. Гэтая рэзалюцыя, прынятая ў тэрміновым парадку, падкрэслівае неабходнасць неадкладнай міжнароднай увагі і дзеянняў, крокаў па вызваленні палітвязняў і спыненні тэрору. Я ўдзячная ўсім еўрадэпутатам за падтрымку».
Павел Латушка: «Я ўдзячны дэпутатам Еўрапарламента і асабіста дэпутату Міхалу Кабоску за прынцыповую пазіцыю і канкрэтнае дзеянне ў адказ на новыя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі. Гэта пасланне дыктатару: злачынствы супраць беларусаў за мяжой не застануцца беспакаранымі».
У прыватнасці, у рэзалюцыі адзначаецца неабходнасць вызвалення палітвязняў, асуджаюцца спробы пераследу беларусаў за мяжой, змяшчаецца заклік да ўзмацнення падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, а таксама да далейшых санкцый супраць адказных за рэпрэсіі.
Акрамя таго, Еўрапарламент заклікае Міжнародны крымінальны суд паскорыць працэсы па расследаванні злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі.
@CabinetBelarus
