«Спыненне доступу да інфармацыі – гэта не спыненне рэпрэсій, а спроба іх схаваць»
2025-04-03
Вольга Зазулінская, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета, пракаментавала сітуацыю з абмежаваннем доступу да інфармацыі пра рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі:
«Рэжым мэтанакіравана абмяжоўвае доступ да інфармацыі аб пераследзе грамадзян. Закрыццё судовых раскладаў, абмежаванне доступу да судовых рашэнняў, нечаканае часовае знікненне магчымасці праверыць забарону на выезд – усё гэта не выпадковасць, а частка палітыкі, скіраванай на непразрыстасць, скарачэнне грамадзянскага кантролю.
Неабходнасць асабіста звяртацца па інфармацыю стварае дадатковыя рызыкі і атмасферу страху. Гэта свядомае стварэнне перашкод для абароны правоў.
Такія дзеянні ўскладняюць працу праваабаронцаў і міжнародных арганізацый, якія манітораць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Але вядома, што спыненне доступу да інфармацыі – гэта не спыненне рэпрэсій, а спроба іх схаваць.
Праваабаронцам стала вядома пра маштабны рэйд КДБ напрыканцы сакавіка ў розных гарадах Беларусі. Яго падрабязнасці застаюцца невядомымі, аднак частка затрыманых была змешчаная ў СІЗА КДБ. Вядома, што некаторым інкрымінуюцца «тэрарыстычныя» артыкулы.
У гэтых умовах важна працягваць дакументаваць усе рэпрэсіі.
Калі вам вядомыя выпадкі палітычнага пераследу або затрыманняў, перадавайце інфармацыю праваабаронцам. Нават калі яна не можа быць апублікаваная цяпер, яна будзе зафіксаваная і стане часткай доказнай базы. Салідарнасць і захаванне праўды – нашы галоўныя інструменты ў барацьбе з беззаконнем»
@CabinetBelarus
