Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Заклікаем Украіну выкарыстаць усе магчымыя механізмы для садзейнічання вызваленню беларускіх палітвязняў»

2025-04-02

– Прадстаўнікі Кабінета звярнуліся да ўкраінскага боку з ініцыятывай уключыць беларускіх палітвязняў у абменныя спісы

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета Вадзім Кабанчук накіравалі лісты прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, у Міністэрства замежных спраў Украіны і да Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека.

Прадстаўнікі падкрэслілі, што пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны шмат грамадзян Беларусі выступілі з адкрытай падтрымкай украінскага боку удзельнічалі ў пратэстах, інфармацыйных і валанцёрскіх ініцыятывах, а таксама далучаліся да добраахвотніцкіх падраздзяленняў.

«Рэжым Лукашэнкі, які з’яўляецца саюзнікам Крамля, жорстка пераследуе любыя праявы салідарнасці з Украінай. У выніку шмат беларусаў былі арыштаваныя і асуджаныя на працяглыя тэрміны па сфабрыкаваных абвінавачваннях», адзначаецца ў лістах.

Прадстаўнікі Кабінета прапанавалі Украіне скарыстаць даступныя дыпламатычныя і міжнародныя механізмы, у тым ліку:

- ініцыяваць кансультацыі з міжнароднымі партнёрамі адносна ўключэння беларускіх палітвязняў у абменныя спісы;

- публічна выказаць падтрымку гэтым асобам і запатрабаваць іх вызвалення;

- прыцягнуць міжнародныя арганізацыі (ААН, АБСЕ, Чырвоны Крыж) да перамоўнага працэсу;
узмацніць ціск на Расію як саюзніка Лукашэнкі;

- разглядаць беларускіх палітвязняў як ахвяраў палітычных рэпрэсій за іх праўкраінскую пазіцыю.

«Заклікаем Украіну разгледзець гэтыя прапановы і выкарыстаць усе магчымыя механізмы для садзейнічання вызваленню беларускіх палітвязняў, якія падтрымліваюць Украіну», гаворыцца ў звароце.

Такі крок, паводле аўтараў лістоў, не толькі падкрэсліць імідж Украіны як дзяржавы, што абараняе правы чалавека і падтрымлівае дэмакратычныя рухі, але і ўмацуе сувязі з беларускай грамадзянскай супольнасцю, прадэманструе салідарнасць і аслабіць пазіцыі рэжыму Лукашэнкі.

Да ліста прыкладзены спіс беларускіх палітзняволеных, якія падтрымалі Украіну.

@CabinetBelarus

Main carousel image