«Заклікаем Украіну выкарыстаць усе магчымыя механізмы для садзейнічання вызваленню беларускіх палітвязняў»
2025-04-02
– Прадстаўнікі Кабінета звярнуліся да ўкраінскага боку з ініцыятывай уключыць беларускіх палітвязняў у абменныя спісы
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Зазулінская і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Кабінета Вадзім Кабанчук накіравалі лісты прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, у Міністэрства замежных спраў Украіны і да Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека.
Прадстаўнікі падкрэслілі, што пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны шмат грамадзян Беларусі выступілі з адкрытай падтрымкай украінскага боку – удзельнічалі ў пратэстах, інфармацыйных і валанцёрскіх ініцыятывах, а таксама далучаліся да добраахвотніцкіх падраздзяленняў.
«Рэжым Лукашэнкі, які з’яўляецца саюзнікам Крамля, жорстка пераследуе любыя праявы салідарнасці з Украінай. У выніку шмат беларусаў былі арыштаваныя і асуджаныя на працяглыя тэрміны па сфабрыкаваных абвінавачваннях», – адзначаецца ў лістах.
Прадстаўнікі Кабінета прапанавалі Украіне скарыстаць даступныя дыпламатычныя і міжнародныя механізмы, у тым ліку:
- ініцыяваць кансультацыі з міжнароднымі партнёрамі адносна ўключэння беларускіх палітвязняў у абменныя спісы;
- публічна выказаць падтрымку гэтым асобам і запатрабаваць іх вызвалення;
- прыцягнуць міжнародныя арганізацыі (ААН, АБСЕ, Чырвоны Крыж) да перамоўнага працэсу;
узмацніць ціск на Расію як саюзніка Лукашэнкі;
- разглядаць беларускіх палітвязняў як ахвяраў палітычных рэпрэсій за іх праўкраінскую пазіцыю.
«Заклікаем Украіну разгледзець гэтыя прапановы і выкарыстаць усе магчымыя механізмы для садзейнічання вызваленню беларускіх палітвязняў, якія падтрымліваюць Украіну», – гаворыцца ў звароце.
Такі крок, паводле аўтараў лістоў, не толькі падкрэсліць імідж Украіны як дзяржавы, што абараняе правы чалавека і падтрымлівае дэмакратычныя рухі, але і ўмацуе сувязі з беларускай грамадзянскай супольнасцю, прадэманструе салідарнасць і аслабіць пазіцыі рэжыму Лукашэнкі.
Да ліста прыкладзены спіс беларускіх палітзняволеных, якія падтрымалі Украіну.
@CabinetBelarus
