«Мы ведаем, як быць побач з тымі, каму цяжка»
2025-04-02
Ірына МакЛейн, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, – да беларускіх сацработнікаў:
«У падзеях 2020 года гучалі розныя прафесіі: медыкі, настаўнікі, айцішнікі, журналісты. Іх галасы былі чутныя. Яны выязджалі, ядналіся, стваралі арганізацыі. А сацработнікі? Хаваліся, каб не нашкодзіць іншым. Працавалі, як маглі, як прызвычаіліся: ціха. Але мы былі. І мы ёсць.
Хтосьці застаўся ў Беларусі і працягвае сваю справу. Хтосьці выехаў і, магчыма, змяніў род дзейнасці. Хтосьці яшчэ шукае сябе. Але ў нас ёсць нешта агульнае: мы ведаем, як быць побач з тымі, каму цяжка.
І менавіта гэта патрэбна Беларусі цяпер – і будзе патрэбна заўтра.
Калі вы належыце да гэтай прафесіі, давайце знойдзем адно аднаго. Хопіць быць “нябачнымі”. Давайце гаварыць, дзяліцца досведам, ствараць прастору, дзе мы не проста “тыя, хто выжыў”, а супольнасць.
Напішыце мне ў наш чат-бот у тэлеграме – @belcabinet_bot. Калі гэта для вас бяспечна, падзяліцеся гэтым пастом.
Афіцыйна ў Беларусі каля 40 тысяч сацработнікаў, задзейнічаных у дзяржаўнай сістэме сацабароны. Але пры аўтарытарным рэжыме такая блізкасць да дзяржавы мае і адваротны бок: улады нярэдка выкарыстоўваюць сацслужбы як інструмент кантролю і ціску на людзей – замест таго, каб абараняць іх правы і інтарэсы.
Мы ж будзем разам набліжаць Беларусь, у якой клопат – гэта стваральная сіла, а не інструмент кантролю».
@CabinetBelarus
