Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Людзі з аўтызмам павінны жыць, а не існаваць»

2025-04-02

Ірына МакЛейн, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Кабінета, – аб праблеме сацыяльнай уключанасці людзей з расстройствамі аўтыстычнага спектру:

«2 красавіка – Сусветны дзень інфармавання пра аўтызм. Гэта цэлая група станаў, звязаных з асаблівасцямі развіцця галаўнога мозгу. Яны могуць выяўляцца ўжо ў раннім дзяцінстве, але часта гэта адбываецца і пазней.

Паводле ацэнак СААЗ, прыкладна 1 са 100 дзяцей мае аўтызм. Людзі з аўтызмам могуць мець вельмі розныя патрэбы: некаторыя жывуць самастойна і прадуктыўна, іншыя патрабуюць пажыццёвай падтрымкі. Ва ўсіх выпадках важна, каб грамадства забяспечвала даступнае асяроддзе, адаптаваную адукацыю, магчымасці для працы і сацыяльных сувязей.

У свеце прыкладна 70 мільёнаў людзей з расстройствамі аўтыстычнага спектру. Каля 80% з іх не працуюць. Гэта гаворыць не пра іх «няздольнасць», а хутчэй пра негатоўнасць нашага грамадства да рэчаіснасці, у якой людзі з аўтызмам павінны жыць, а не існаваць.

У Беларусі сітуацыя асабліва вострая. Адсутнічае сістэмная падтрымка: няма праграм ранняга ўмяшання, спецыялізаваных службаў, інклюзіўнай адукацыі. Людзі з аўтызмам амаль цалкам выключаныя з сацыяльнага жыцця і рынку працы. Гэта трэба змяняць.

Пры гэтым у краіне рэгіструецца да 26 выпадкаў аўтызму на 100 000 насельніцтва.

Сацыяльна-псіхалагічныя меры могуць істотна паляпшаць камунікацыю і самаадчуванне людзей з аўтызмам. Але для гэтага патрэбна не толькі дапамога спецыялістаў, але і гатоўнасць грамадства прымаць разнастайнасць.

Я веру, што Беларусь будучыні стане краінай, дзе клопат не будзе звездзены толькі да догляду, апекі і кантролю. Я веру ў клопат як падтрымку, павагу, стварэнне ўмоў для самавызначэння, працы і ўдзелу ў жыцці. Гэта найважнейшая задача дзяржавы».

@CabinetBelarus

Main carousel image