Створана база беларускіх арганізацый, якім можна пералічыць частку свайго падаходнага падатку
2025-04-01
У базе ўжо 16 праектаў з Літвы і Польшчы, і яна працягвае папаўняцца. Гэта ініцыятывы, якія займаюцца пазашкольнай адукацыяй, рэсацыялізацыяй палітвязняў, музейнай і асветніцкай дзейнасцю, расследавальніцкай журналістыкай, экаактывізмам і інш.
Базу беларускіх арганізацый, якія цяпер могуць атрымліваць фінансаванне праз механізм пералічэння 1,2% ці 1,5% падаходнага падатку, стварыла Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета.
Як гэта працуе?
Пералічэнне 1,2% або 1,5% ад падаходнага падатку – гэта рэальны і надзейны спосаб фінансавай падтрымкі беларускіх ініцыятыў сіламі самой беларускай супольнасці. Грошы не з’яўляюцца дадатковым падаткам: яны ўжо выплачаныя дзяржаве, але замест таго каб застацца ў бюджэце, могуць пайсці на развіццё беларускіх праектаў.
«Можа падацца, што гэта дробязь – адзін працэнт. Але калі аб’яднаецца хаця б частка супольнасці, гэта могуць быць істотныя рэсурсы для арганізацыі. Гэта не толькі падтрымка, але і жэст салідарнасці, знак таго, што мы адзін аднаго бачым і падтрымліваем», – адзначаюць у Прадстаўніцтве.
На што збіраюць сродкі?
Грошы пойдуць на развіццё і ўстойлівасць ініцыятыў: ад арэнды і арганізацыйных выдаткаў да правядзення фестываляў, журналісцкіх расследаванняў і летніх лагераў для дзяцей палітвязняў. Частка арганізацый плануе выкарыстоўваць фінансаванне на падтрымку беларусаў у Польшчы і Літве.
Ці бяспечна гэта?
Усе арганізацыі прайшлі праверку. Ахвяраванні можна рабіць ананімна.
📌 Спіс арганізацый і іх рэквізіты можна паглядзець па спасылцы.
📌 Калі хочаце далучыцца да базы, запоўніце форму.
@CabinetBelarus
