Аб’яднаны Пераходны Кабінет падтрымлівае міратворчыя ініцыятывы еўрапейскіх краін і высока ацэньвае ўнёсак беларускіх добраахвотнікаў у абарону Украіны
2025-04-01
На чарговым пасяджэнні Кабінета абмяркоўвалася пазіцыя дэмакратычных сіл Беларусі ў дачыненні да еўрапейскіх ініцыятыў, скіраваных на забеспячэнне міру і бяспекі на еўрапейскім кантыненце.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет пацвердзіў падтрымку міратворчых намаганняў еўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку ініцыятыў, якія прадугледжваюць:
– стварэнне міжнароднага механізму бяспекі ва Украіне;
– умацаванне ўсходняй мяжы Еўрасаюза і NATO;
– забеспячэнне прававой адказнасці за агрэсію і ваенныя злачынствы.
Кабінет лічыць, што менавіта праз калектыўныя і скаардынаваныя дзеянні еўрапейскія краіны могуць не толькі спыніць расійскую агрэсію, але і прадухіліць паўтор падобных пагроз у будучыні.
Асобная ўвага была нададзена ўнёску беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі. Аб’яднаны Пераходны Кабінет выказвае высокую ацэнку іх мужнасці і прынцыповасці.
Паводле папярэдніх ацэнак, з 2014 года праз шэрагі Узброеных сіл Украіны і добраахвотніцкіх фарміраванняў прайшло больш за 1000 беларускіх грамадзян, многія з якіх працягваюць служыць у складзе Палка Каліноўскага.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет падкрэслівае, што падтрымка гэтых людзей з’яўляецца маральным абавязкам дэмакратычных сіл, а іх дзейнасць набліжае перамогу не толькі Украіны, але і вольнай Беларусі.
@CabinetBelarus
