Рост зваротаў пра ціск на выпускнікоў школ у сувязі з іх намерам паступаць ва ўніверсітэты ЕС фіксуе платформа «Гэта моладзь!»
2025-03-28
– Каментуе прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Кабінета Маргарыта Ворыхава:
«Апошнія звароты, якія прыходзяць на нашую платформу, сведчаць аб сістэматычным ціску на выпускнікоў і іх бацькоў з мэтай перашкодзіць навучанню за мяжой. Адміністрацыі школ выклікаюць іх на «прафілактычныя размовы», дзе адгаворваюць ад выбару замежных універсітэтаў, асабліва ў ЕС. Гэта суправаджаецца дэзінфармацыяй аб магчымых праблемах з візамі, мовай, жыллём, прызнаннем дыпломаў.
Дарэчы, у чэрвені 2024 года чэргі на атрыманне апастылю дасягалі 150–200 чалавек штодня. Мы бачым, што рост запытаў на легалізацыю дакументаў суправаджаецца штучным замаруджваннем адпаведных працэдур.
Абітурыентам хочуць перакрыць шлях на Захад. Так улады ў сваім стылі змагаюцца з тым, што колькасць студэнтаў у беларускіх ВНУ працягвае змяншацца. У 2023 годзе ў Беларусі было 170 тысяч студэнтаў – мінімум за ўсю гісторыю незалежнасці. Гэта звязана не толькі з дэмаграфіяй, але і з недаверам да адукацыйнай сістэмы, якая ўсё больш падпадае пад ідэалагічны кантроль і рэпрэсіі.
Звяртайцеся на платформу «Гэта моладзь!» па сваіх праблемах. Мы будзем старацца вас пракансультаваць і падтрымаць у складаных сітуацыях»
@CabinetBelarus
