Ініцыятыву праваабаронцаў па перадачы доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд вітае Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Кабінета
2025-03-27
«Дзякуем усім праваабаронцам, экспертам і ініцыятывам, якія фіксуюць злачынствы рэжыму Лукашэнкі і перадаюць матэрыялы ў Міжнародны крымінальны суд. Гэта крок да справядлівасці і абароны тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій або быў вымушаны з’ехаць.
Для нас асабліва важна, што фіксуюцца факты дэпартацый і трансгранічнага пераследу. Гэта закранае тысячы беларусаў, пазбаўленых доступу да працы, меддапамогі і базавых правоў.
Гэтая праца мае значэнне не толькі для будучых судоў, але і для падтрымкі тых, хто сутыкнуўся з пераследам. Важна, каб іх досвед быў пачуты на міжнародным узроўні».
Нагадаем, 20 сакавіка група з шасці беларускіх і міжнародных арганізацый грамадзянскай супольнасці перадала ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда доказы магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
@CabinetBelarus
