«Мы віншуем Рамана Кісляка з маленькай пачатковай перамогай над бюракратыяй Грузіі»
2025-03-26
26 сакавіка Тбіліскі гарадскі суд адмяніў рашэнне Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі, які раней адмовіў у прадастаўленні міжнароднай абароны беларускаму праваабаронцу Раману Кісляку. Суд не задаволіў патрабаванне Рамана выдаць новы адміністратыўна-прававы акт аб статусе ўцекача, але абавязаў Дэпартамент міграцыі перагледзець прашэнне.
Віталь Малчанаў, намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета: «Мы віншуем Рамана Кісляка з маленькай пачатковай перамогай над бюракратыяй Грузіі, з тым, што па яго справе адмянілі рашэнне. Мы былі, ёсць і застаёмся на сувязі з Раманам доўгі час. Безумоўна, мы кансультуемся. І, больш за тое, Раман часта кансультуе нас па пытаннях Грузіі»
Раман Кісляк: «Тбіліскі гарадскі суд сёння прадэманстраваў, што ён незалежны ад выканаўчай улады і можа адмяняць адміністрацыйныя рашэнні. Відавочна, што гэта дае надзею, што і іншыя справы беларусаў па адмоўных рашэннях аб міжнароднай абароне ў Грузіі будуць разглядацца незалежна і непрадузята. Далейшыя крокі па справе буду абмяркоўваць са сваёй адвакаткай. Існуе магчымасць абскардзіць гэтае рашэнне ў апеляцыйным парадку»
@CabinetBelarus
