«Мы працягваем нашу барацьбу»
2025-03-25
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка разам з намесніцай міністра замежных спраў Рэспублікі Польшча Ганнай Радван узяў удзел ва ўрачыстым вечары, арганізаваным Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Аб’яднаным Пераходным Кабінетам з нагоды Дня Волі – 107-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
На мерапрыемстве прысутнічалі польскія парламентарыі, амбасадары, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, беларускіх дэмакратычных ініцыятыў і інш. Сярод прысутных быў таксама в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі.
У прамове Павел Латушка адзначыў: «Немагчыма ўявіць сапраўды незалежную Беларусь без свабоднага народа.
Мы павінны аддаць даніну павагі ўсім беларусам, якія змагаліся за волю. Мы працягваем нашу барацьбу. Мы будуем структуры грамадзянскай супольнасці, ствараем незалежныя новыя медыя, культурніцкія, адукацыйныя ініцыятывы і праекты.
Сёння мы праходзім праз гістарычны момант выпрабаванняў і пагроз для нашай дзяржаўнасці і незалежнасці, якія стварыў прарасійскі рэжым Лукашэнкі і яго гаспадары ў Крамлі.
Калі мы разумеем пагрозу для незалежнасці, падтрымка беларускага дэмакратычнага руху, дэмакратычных памкненняў беларусаў, пабудаваных намі структур і інстытутаў, падтрымка незалежных СМІ павінны стаць асновай стратэгіі для Беларусі.
Бо гарантам незалежнасці можа быць толькі беларускі народ, які нельга пакідаць за новым жалезным мурам. Беларусь – не Паўночная Карэя 2.0. Беларусь – гэта Еўропа. І незалежнасць Беларусі павінна быць нашым агульным, агульнаеўрапейскім прыярытэтам».
Намесніца міністра замежных спраў Польшчы Ганна Радван у сваю чаргу адзначыла гераічнасць барацьбы беларускага народа, выказала падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычным сілам, а таксама салідарнасць з беларускімі палітзняволенымі, у тым ліку з Анджэем Пачобутам.
@CabinetBelarus


