Павел Латушка да Дня Волі 2025 года
2025-03-25
Дзень Волі — сімвал барацьбы беларусаў за свабоду і незалежнасць, сімвал нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і нашай непахіснай прагі да свабоды. У свята, якое беларусы называюць Дзень Волі, 25 сакавіка 1918 года была прынята Трэцяя Устаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі, з якой адлічваецца гісторыя нацыянальнай дзяржавы беларусаў.
«Хацеў бы звярнуцца да беларусаў і беларусак у Беларусі. Накрыйце белым абрусам ваш стол, пакладзіце беларускі рушнік, купіце кветкі. Альбо проста пакладзіце руку на сэрца і скажыце — "Жыве Беларусь!". Можа, нават не голасна, але пра сябе — скажыце. Бо яна жыве! Жыве ў маім сэрцы і я ўпэўнены, што яна жыве ў сэрцах кожнага з вас. Каго любіш? Люблю Беларусь. І то ўзаемна», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Дзень Волі — гэта не толькі нагода ўспомніць пра мінулае, але і магчымасць задумацца аб тым, што мы ўсе можам зрабіць для будучыні Беларусі. Гэта нагадванне пра тое, што наша спадчына, нашыя каштоўнасці і наша свабода ў руках кожнага з нас. І хоць шлях не лёгкі, але мы працягнем змагацца. І мы — абавязкова пераможам.
Жыве Беларусь!
