Дзень Волі ў Варшаве аб’яднаў сотні беларусаў на маршы і ўрачыстасцях
2025-03-23
23 сакавіка ў Варшаве прайшлі святочныя мерапрыемствы з нагоды 107-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларускі марш стартаваў з плошчы Трох Крыжоў і прайшоў праз цэнтр горада да Замкавай плошчы пад вялізным бела-чырвона-белым сцягам.
На лакацыях удзельнікаў чакалі выступленні палітычных і грамадскіх дзеячаў, а таксама музычныя нумары. У мерапрыемствах узялі ўдзел намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка, выканаўца абавязкаў прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі і намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета Арцём Брухан.
Павел Латушка: «Калі мы ішлі сёння вуліцамі Варшавы і неслі больш за трохсотметровы бел-чырвона-белы сцяг, камусьці, можа, падалося, што гэта цяжкая ноша. Але гэта не тая ноша, якую ўзялі на сябе нашыя продкі. Паўстанцы Кастуся Каліноўскага. Стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі. Тыя, хто ў 80-я выходзіў на мітынгі і акцыі па ўсёй Беларусі, каб змагацца за незалежную краіну.
Гэты сцяг сёння ўжо з'яўляецца экспанатам Музея Вольнай Беларусі. Але гэта жывы экспанат, бо ён лунае над вуліцамі Вільні, Варшавы – і ён дакладна залунае над вуліцамі беларускіх гарадоў. І мы пранясём яго па галоўным праспекце нашай беларускай сталіцы – Мінску. І гэты праспект будзе мець назву – спадзяюся, вы падтрымаеце – назву Васіля Быкава».
Суарганізатарамі падзеі выступілі «Беларусы Варшавы», Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі, Офіс Святланы Ціханоўскай, Народнае Антыкрызіснае Упраўленне, Беларускае Аб’яднанне Палітвязняў «Да волі», Музей Вольнай Беларусі і Рух Салідарнасці «Разам», пры падтрымцы фонду Паўла Латушкі.
На сцэне на Замкавай плошчы адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Узнагароды ўручаў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка. Цырымонію вёў выканаўца абавязкаў прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаная:
▪️Ніна Баршчэўская – мовазнаўца, прафесарка, заснавальніца Беларускай службы Польскага радыё – за значны ўнёсак у папулярызацыю беларускай мовы і падтрымку беларускай дыяспары.
Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ўзнагароджаныя:
▪️Анджэй Войцех Рахуба – польскі гісторык, прафесар Інстытута гісторыі ПАН, ініцыятар навуковага супрацоўніцтва з беларускімі даследчыкамі;
▪️Анджэй Ежы Закшэўскі – польскі юрыст, гісторык права, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, актыўны ўдзельнік міжнацыянальнага акадэмічнага дыялогу;
▪️Павел Лешэк Казанецкі – польскі палітолаг і праваабаронца, арганізатар выдавецкіх праектаў на беларускай мове, у тым ліку «Гістарычнага атласа Беларусі».
@CabinetBelarus




